Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/15/ru_1060105_123456/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 21:36
15.09.2020 21:30 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцы: Людзей працягваюць затрымліваць па ўсёй Беларусі

Мінск, 15 верасня. Па ўсёй Беларусі працягваюць затрымліваць людзей, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

У Гомелі 15 верасня затрыманы актывіст Алег Левянец, пра сваё затрыманне ён паспеў паведаміць у "Фэйсбуку". Паводле інфармацыі праваабаронцаў, міліцыя шукала Левянца з 11 верасня па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Бабруйскую журналістку Ірыну Купцэвіч запрасілі ў РАУС "на размову" 15 верасня і тут жа затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

На сімвалічнай "плошчы Пераменаў" у Мінску — двары, дзе людзі пастаянна ўпрыгожваюць плот бел-чырвона-белымі стужкамі і малююць на трансфарматарнай будцы выявы двух дзіджэяў, якія ўключылі песню Цоя 6 жніўня на афіцыйным мерапрыемстве ў Кіеўскім скверы, затрыманы мясцовы жыхар Сцяпан Латыпаў. Ён ахоўваў будку ад сілавікоў, якія чарговы раз прыйшлі сціраць малюнак. Латыпаў патрабаваў, каб невядомыя людзі ў цывільным і ў масках прадставіліся. Пазней у яго кватэры быў праведзены вобыск. Паводле інфармацыі адваката, Сцяпан Латыпаў затрыманы ў рамках крымінальнай справы. Падрабязнасці невядомыя.

У Гродне сёння АМАП чарговы затрымаў музыканта і грамадскага актывіста Ігара Банцэра, які праводзіць перфоманс каля будынка абласнога суда, дзе планаваўся разгляд яго справы.

У Магілёве затрыманыя мясцовы актывіст Ілля Кальцоў і член ГА "Таварыства беларускай мовы" Наталля Шымянкова.

У вёсцы Ломшына Мінскага раёна затрыманы Пётр Віткоўскі ў межах крымінальнай справы аб перашкодзе дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Затрыманне адбывалася брутальна: у дом Віткоўскага уварваліся шэсць супрацоўнікаў міліцыі, некаторыя з іх былі са шчытамі.

У Полацку затрыманы мясцовы актывіст Анатоль Пракапенка.

Затрыманні ў Беларусі адбываюцца на фоне шматлікіх патрабаванняў міжнароднай супольнасці спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239