Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/16/eu_1060162_123/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2020 08:01
16.09.2020 13:26 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Кіраўнік Еўракамісіі: Народ Беларусі — не фігура на чыёйсьці шахматнай дошцы

Мінск, 16 верасня. Еўрасаюз — на баку народа Беларусі, заявіла прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, выступаючы 16 верасня ў Еўрапарламенце.

"Выбары, з-за якіх людзі выйшлі на вуліцу, не былі ні сумленнымі, ні свабоднымі. А жорсткі адказ уладаў на гэта — ганебны", — сказала яна (відэатрансляцыя выступу вялася на сайце Еўрапарламента).

Фон дэр Ляен падкрэсліла, што народ Беларусі "павінен атрымаць права самастойна выбіраць сваю будучыню для сябе". "Ён — не фігура на чыёйсьці шахматнай дошцы", — адзначыла кіраўнік Еўракамісіі.

Яна таксама заявіла, што ў ЕС захапляюцца мужнасцю і адвагай беларусаў, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту.

Напярэдадні ў Еўрапейскім парламенце прайшло абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі. Выступаючы перад еўрадэпутатамі, вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў:"Сітуацыя ў Беларусі для нас ясная. Мы лічым выбары, якія прайшлі 9 жніўня, сфальсіфікаванымі. Лукашэнка для нас не з`яўляецца легітымным прэзідэнтам Беларусі".

Паводле яго слоў, ЕС працягвае працу над увядзеннем санкцый у дачыненні да тых, хто адказны за фальсіфікацыю выбараў і гвалт у дачыненні да мірных грамадзян. "Маем намер прыняць іх як мага хутчэй. Яны павінны быць прынятыя да наступнага пасяджэння Еўрапейскага савета", — дадаў Барэль.

Надзвычайнае пасяджэнне Еўрапейскага савета запланаванае на 24—25 верасня.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС падкрэсліў, што беларускія ўлады павінны спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх грамадзян і пачаць шырокамаштабны дыялог з грамадствам. На яго думку, пачатку такога дыялогу магла б спрыяць назіральная місія АБСЕ. "Аднак мы не змаглі звязацца з беларускімі ўладамі ні на якім узроўні", — дадаў ён.

Барэль нагадаў, што Еўрасаюз выдзеліў фінансавыя сродкі на падтрымку беларускага народа, у тым ліку для дапамогі пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў, і на падтрымку недзяржаўных СМІ.

Паводле слоў кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі, ЕС таксама цалкам перагледзіць свае адносіны з Беларуссю. Вызначаныя сферы, у якіх кантакты могуць быць скарочаныя або спыненыя цалкам, сказаў Барэль.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239