Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/16/ru_1060202_123/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 03:15
16.09.2020 16:35 Грамадства

Лукашэнка — Шайгу: Вы можаце не сумнявацца ў нашай надзейнасці ў плане абароны нашай агульнай Айчыны — ад Брэста да Уладзівастока

Мінск, 16 верасня. Беларусь у стане ўтрымаць не толькі свае межы, але і абараніць перыметр межаў з Расіяй, заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 верасня ў Мінску на сустрэчы з міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу.

Расійская ваенная дэлегацыя прыляцела ў Беларусь з рабочым візітам для абмеркавання пытанняў двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва.

"Калі хто-небудзь думае, што Беларусь аслабла, што не выстаім, што Расія адыдзе ўбок, гэта для дурняў развагі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы ў стане ўтрымаць сітуацыю не толькі ў Беларусі, але і па перыметры нашых межаў. Вы можаце не сумнявацца ў нашай надзейнасці ў плане абароны нашай агульнай Айчыны — ад Брэста да Уладзівастока. Апошнія падзеі нас яшчэ больш схіляюць да таго, каб мы трымаліся разам, і ні ў якім разе не ўдалося забіць клін паміж намі ўсім тым, хто на гэта разлічваў і разлічвае".

Паводле слоў Лукашэнкі, на нядаўняй сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным ён прасіў яго аб некаторых тыпах узбраенняў. "Сказаў яму, што, калі вы прыедзеце, мы паглядзім, што нам і дзе трэба рэальна ўмацаваць у плане Саюзнай дзяржавы. Баяцца няма чаго, мы гатовыя на гэта ісці. Апошнія падзеі паказваюць, што трэба смялей абараняць інтарэсы і беларусаў, і расіян. Так здарылася, што мы ў гэтым плане засталіся адны, але — не самыя слабыя", — дадаў Лукашэнка.

Шайгу ў сваю чаргу расказаў, што на гэты год у беларускіх і расійскіх вайскоўцаў было намечана каля 130 сумесных мерапрыемстваў: вучэнні, сустрэчы, сумесныя пасяджэнні як у фармаце двухбаковага супрацоўніцтва, так і на міжнародных пляцоўках. Зараз, напрыклад, пад Брэстам праходзяць вучэнні "Славянскае братэрства". "На жаль, праграму выканалі толькі на 30%. Нам трэба да канца года выйсці хаця б на 70%. А для гэтага трэба ўшчыльняцца і праводзіць другі этап вучэнняў, якія ідуць зараз. У кастрычніку ў нас будуць наступныя вучэнні", — дадаў расійскі міністр.

У адказ Лукашэнка паведаміў, што дамовіўся з Пуціным аб працягу вучэнняў "Славянскае братэрства". "Мы вітаем гэтыя вучэнні, і добра, што яны праходзяць, прытым, як мне дакладваюць, паспяхова. Трэба падумаць аб другім этапе вучэнняў і іншых вучэннях, выпрацаваць план, не аглядаючыся па баках, хто нам і што скажа. Мы не збіраемся нікога напружваць, нахабна нешта рабіць, але свае інтарэсы мы павінны ахоўваць", — заявіў ён.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239