Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/16/ru_1060209_123/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2020 09:47
16.09.2020 17:15 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Знешнія агрэсары дзесяць гадоў рыхтаваліся да цяперашняга часу "Ч"

Мінск, 16 верасня. Паэтапны разбор падзей у краіне выяўляе сапраўдныя задумы і тактыку знешніх нават не апанентаў Беларусі, а агрэсараў, на працягу апошніх дзесяці гадоў яны скрупулёзна рыхтаваліся да цяперашняга часу "Ч", заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з "палітычным актывам" 16 верасня.

"Каб адразу зняць усе маскі, назавем гэтых гульцоў пайменна. На ўзроўні глабальных цэнтраў гэта перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі, больш канкрэтна — іх сетка фондаў па падтрымцы так званай дэмакратыі. На еўрапейскім кантыненце актыўна дзейнічалі амерыканскія сатэліты: Польшча, Літва, Чэхія і, на жаль, наша Украіна", — сказаў Лукашэнка, словы якога прыводзіць яго прэс-служба.

Паводле яго сцвярджэння, кожная з гэтых краін адпрацоўвала сваю ролю. Чэхія — з даўніх часоў у якасці рэсурснага хаба, Польшча — спачатку як інкубатар медыяканалаў ("Белсат", "Нехта" і іншыя), а затым як пляцоўка для альтэрнатыўных органаў у выгнанні. "Літва, абражаная тэмай БелАЭС, — як таран беларуска-еўрапейскіх адносін. Украіна, нягледзячы на нашу нязменную яе падтрымку (напрыклад, у пытаннях тэрытарыяльнай цэласнасці ды і па іншых), насуперак духу нашых узаемаадносін стала фарпостам палітычных правакацый. Такім чынам, мы выразна бачым суб'ектаў гэтага працэсу, іх правадыроў і памагатых. Тактыка арганізатараў будавалася па класічным амерыканскім падручніку каляровых рэвалюцый. Гэта ўсім вядомы Джын Шарп. Цяпер мы можам азірнуцца назад і дэталёва разабраць усе этапы сцэнарыя па знішчэнні нашай краіны, якому мы, на шчасце, не дазволілі рэалізавацца і не дазволім", — абмаляваў сваю тэорыю і планы Лукашэнка.

"Беларусь сталі хістаць па-новаму, нацэльваючыся на жалезны прэзідэнцкі электарат: жыхароў рэгіёнаў, працоўных, бюджэтнікаў, пенсіянераў. Такую тактыку, дарэчы, спрабавалі прымяніць у Сірыі і Венесуэле. Успомніце, як на прыкладзе вядомага дэкрэта № 3 (аб "дармаедах". — БелаПАН.) былі апрабаваныя метады так званага сацыяльнага пратэсту. Менавіта з такіх пратэстаў пасля вылучыліся і выкруціліся дзясяткі блогераў, якія праз YouTube і Telegram-каналы сталі прамываць мазгі розным сацыяльным групам, падкупляючы іх нібыта барацьбой за народныя інтарэсы", — заявіў Лукашэнка.

За паўгода да прэзідэнцкіх выбараў створаныя тэхналогіі дэстабілізацыі былі абкатаныя на выбарах парламенцкіх, лічыць ён. У гэты перыяд "на поўную магутнасць запрацавала сетка спецыялізаваных Telegram-каналаў з выразным размеркаваннем роляў і мэтамі ачарніць уладу, падарваць асновы дзяржаўнай ідэалогіі, перш за ўсё з дапамогай фэйкаў і фальсіфікацый".

Паводле слоў Лукашэнкі, былі пратэставаныя новыя формы вулічнай актыўнасці. "Спецыяльна створаны пад выбары "Моладзевы блок" на падставе вылучэння кандыдатаў у парламент актыўна фармаваў настроі незадаволенасці ў розных сацыяльных групах", — сказаў ён. З гэтай мэтай "эксплуатавалася, на першы погляд, непалітычная тэматыка: закон аб адтэрміноўцы, размеркаванне студэнтаў, легалізацыя наркотыкаў, вядомая тэма 328-га артыкула Крымінальнага кодэкса і гэтак далей".

"Час барыкад і мітынгаў завяршыўся, — лічыць Лукашэнка. — Сёння мы выходзім з таго няпростага перыяду, які перажывалі практычна каля двух месяцаў. Гаворка ідзе нават не пра краіну, а пра Мінск і яшчэ два-тры гарады, дзе групы вечна незадаволеных спрабавалі падарваць палітычнае становішча, разбураць нашу грамадскую стабільнасць і па гэтым наносіўся ўдар, — сказаў Лукашэнка. — Уся астатняя краіна жыла і жыве сваім штодзённым жыццём. Людзі вырошчваюць, прыбіраюць з палёў ураджай, небывалы ўраджай, мадэрнізуюцца прадпрыемствы, будуюцца дамы (больш, чым у мінулым годзе), школы, бальніцы (больш, чым у мінулым годзе)".

"Мы не стаім на месцы, мы ўвесь час у руху, краіна развіваецца, паэтапна расце дабрабыт людзей, я не разумею, якія яшчэ патрэбныя перамены, трэба проста паскарацца. Асноўныя ўрокі мы вынеслі, мы ведаем, дзе і з кім недапрацавалі. У найбліжэйшы час ліквідуем (ужо пачалі гэта рабіць) недахопы, падключайцеся да гэтага. Закрыем праблемы па ўнутрыпалітычным фронце, ужо ў гэтым годзе Беларусь павінна і вернецца да бяспечнага перыяду, які быў у нас заўсёды ў Мінску. Час барыкад і мітынгаў завяршыўся, цяпер — наш час, неабходна прадоўжыць стварэнне, рух наперад праз разумныя перамены, разумныя рэформы, пра якія мы гаворым", — адзначыў Лукашэнка.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239