Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/16/ru_1060215_123/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 01:55
16.09.2020 17:37 Грамадства, Палітыка

Марыі Калеснікавай выстаўленае абвінавачанне

Мінск, 16 верасня. Член прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава абвінавачваецца на падставе ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт), паведаміла ў тэлеграм-канале прэс-служба Следчага камітэта. Калеснікавай пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Абвінавачванне выстаўленае 16 верасня.

"Яна ўтрымліваецца пад вартай. Расследаванне працягваецца", — паведаміў СК.

Марыя Калеснікава была выкрадзеная раніцай 7 верасня ў цэнтры Мінска невядомымі ў масках. Праз некалькі гадзін знікла сувязь з прадстаўнікамі рады Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым. На наступны дзень стала вядома, што ўсіх траіх гвалтоўна вывезлі ва Украіну, аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося, бо на мяжы яна парвала свой пашпарт.

9 верасня высветлілася, што Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску ў статусе падазраванай па справе паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса. Справа была распачатая раней па факце стварэння Каардынацыйнай рады, сфармаванай з ініцыятывы былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

У гэты ж дзень, 9 верасня, у Мінску былі затрыманыя член прэзідыума КР Максім Знак і юрыст штаба Бабарыкі Ілья Салей. Яны таксама падазраваныя па гэтай справе.

12 верасня Калеснікаву перавялі ў турму ў Жодзіне (Мінская вобласць).

15 верасня адвакат Людміла Казак паведаміла БелаПАН, што абарона Калеснікавай падала хадайніцтва аб спыненні яе крымінальнага пераследу. Паводле слоў адваката, у публічных выступах яе падабароннай не ўтрымліваецца заклікаў да захопу ўлады або ўчынення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Казак падкрэсліла, што ва ўсіх сваіх выступах, якія можна знайсці ў інтэрнэце, Калеснікава наадварот казала "пра недапушчальнасць гвалту, учынення іншых супрацьпраўных дзеянняў".

Абарона лічыць пераслед Калеснікавай палітычна матываваным. "Усе выказванні маёй падабароннай знаходзяцца ў рамках гарантаванага кожнаму права на свабоду меркаванняў і ніякім чынам не парушаюць правы і свабоды іншых асоб, не пасягаюць на нацыянальную бяспеку краіны, у сувязі з чым крымінальны пераслед за рэалізацыю фундаментальнага права на свабоднае выказванне свайго меркавання, прымяненне да яе меры стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай з`яўляецца нічым іншым, як прымусам да адмовы ад сваіх перакананняў, што забаронена Канстытуцыяй", — заявіла адвакат.

Казак таксама падала скаргу на тое, што ў дачыненні да Калеснікавай дагэтуль не праведзеная судова-медыцынская экспертыза для фіксацыі цялесных пашкоджанняў, якія ў яе маюцца.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Калеснікаву, Знака і Салея палітычнымі зняволенымі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239