Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/16/ru_1060220_123456/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 02:09
16.09.2020 18:19 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка даручыў Мінюсту правесці перарэгістрацыю палітычных партый

Мінск, 16 верасня. На сустрэчы з "палітычным актывам" 16 верасня Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству юстыцыі правесці перарэгістрацыю партый.

Лукашэнка нагадаў, што ў Мінюсце зарэгістравана 15 партый. "Але мы ж разумеем, што гэта не партыі, калі дзесяць з іх адхіліліся ад сваіх статутаў, задач і патрабуюць новых выбараў, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Міністру юстыцыі даручаю старанна паглядзець на ўсе партыі — ці адпавядаюць яны патрабаванням па колькасці , структуры, ці працуюць па сваім статуце. Трэба правесці іх перарэгістрацыю".

Паводле слоў Лукашэнкі, да прыняцця новай Канстытуцыі "трэба вярнуцца да партыйнай сістэмы, прайсціся па законе аб палітычных партыях". "Давайце спакойна займацца гэтай працай. Вялікая справа не робіцца прыхапкам, яна павінна выспець. Раней мы не займаліся сур'ёзна партыйным будаўніцтвам. Не было запыту на партыі", — адзначыў ён.

Лукашэнка лічыць, што сучаснае грамадства "структуруецца і яно павінна мець свае палітычныя арганізацыі, уключаючы партыі". "Ужо даўно ідзе праца над новым законам [аб палітычных партыях], але патрэбен вынік", — заявіў ён.

На круглым стале 10 верасня прадстаўнікі 10 з 15 зарэгістраваных у Беларусі палітычных партый прынялі агульную рэзалюцыю, у якой асудзілі гвалт, а таксама заклікалі да дыялогу і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў.

Сярод падпісантаў рэзалюцыі ёсць як апазіцыйныя, так і праўладныя партыі: Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Рэспубліканская партыя, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", Партыя БНФ, Беларуская партыя "Зялёныя" , Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, партыя "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" і Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды.

Прадстаўнікі партый запатрабавалі ад дзяржорганаў і службовых асоб "прыняць вычарпальныя меры па спыненні гвалту ў адносінах да грамадзян, якія рэалізуюць сваё канстытуцыйнае права на мірныя пратэсты, і неадкладна вызваліць усіх затрыманых, распачаць крымінальныя справы па фактах забойстваў, катаванняў, збіванняў, адвольных затрыманняў для наступнага прыцягнення да адказнасці вінаватых".

"Прапаноўваем органам дзяржаўнай улады арганізаваць дыялог з прадстаўнікамі ўсяго спектра грамадска-палітычных сіл Беларусі па пытанні правядзення на працягу найбліжэйшых 6 месяцаў новых выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Акрамя таго, удзельнікі круглага стала заснавалі пастаянна дзеючую нараду палітычных партый.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239