Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/17/eu_1060327_123/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 22:49
17.09.2020 13:43 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Еўрапарламент не прызнаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі

Мінск, 17 верасня. Еўрапарламент не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія былі праведзеныя "з абуральным парушэннем усіх міжнародных стандартаў", і не прызнае Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі пасля заканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў (5 лістапада. — БелаПАН.). Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай Еўрапейскім парламентам 17 верасня.

За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 574 дэпутаты, супраць — 37, устрымаліся — 82.

"Еўрапарламент самым рашучым чынам асуджае беларускія ўлады за жорсткае падаўленне мірных пратэстаў у краіне і заклікае да неадкладнага спынення гвалту, а таксама заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення грамадзян, затрыманых па палітычных прычынах да і пасля сфальсіфікаваных выбараў, у тым ліку тых, хто быў затрыманы за ўдзел у акцыях пратэсту. Усе абвінавачванні з іх павінны быць знятыя", — адзначаецца ў дакуменце.

У рэзалюцыі асуджаюцца няспынныя запалохванні, пераслед і непрапарцыйнае ўжыванне сілы ў дачыненні да ўдзельнікаў забастовак на прадпрыемствах, членаў Каардынацыйнай рады, актывістаў грамадзянскай супольнасці, незалежных журналістаў і блогераў.

Еўрапарламент патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх асоб, адвольна затрыманых да і пасля сфальсіфікаваных выбараў, уключаючы Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Марыю Калеснікаву, Лілію Уласаву, Сяргея Дылеўскага, Максіма Знака і іншых.

Еўрадэпутаты выказваюць глыбокае шкадаванне з нагоды "жахлівых актаў гвалту, жорсткіх рэпрэсій і катаванняў у дачыненні да мірных дэманстрантаў і затрыманых", яны заклікаюць "правесці незалежнае і эфектыўнае расследаванне звязаных з пратэстамі смерцяў Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Арцёма Парукава, Генадзя Шутава і Канстанціна Шышмакова".

"Еўрапарламент вітае Каардынацыйную раду як часовае прадстаўніцтва людзей, якія патрабуюць дэмакратычных зменаў у Беларусі, адкрытае для ўсіх палітычных і грамадскіх зацікаўленых бакоў. Падтрымлівае мірную і дэмакратычную перадачу ўлады ў выніку шырокамаштабнага нацыянальнага дыялогу з поўнай павагай дэмакратычных і асноўных правоў беларускага народа", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Еўрадэпутаты падтрымліваюць "патрабаванне беларускага народа аб арганізацыі новых, свабодных і справядлівых выбараў як мага хутчэй пры правядзенні назірання з боку АБСЕ і ў адпаведнасці з міжнародна прызнанымі стандартамі".

Еўрапарламент "безумоўна падтрымлівае народ Беларусі ў яго законных патрабаваннях і імкненні да свабодных і справядлівых выбараў, асноўных свабод і правоў чалавека, дэмакратычнага прадстаўніцтва, палітычнага ўдзелу, годнасці і права выбіраць свой лёс".

"Цяперашні пратэставы рух у Беларусі заснаваны на агульным і шырокім патрабаванні дэмакратызацыі Беларусі, людзі якой павінны карыстацца такімі ж асноўнымі правамі дэмакратыі і свабоды, як і ўсе іншыя грамадзяне на еўрапейскім кантыненце", — падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

Еўрапарламент заклікае Еўракамісію, вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, а таксама Савет ЕС аказаць дапамогу дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, уключаючы Каардынацыйную раду на чале са Святланай Ціханоўскай.

У рэзалюцыі таксама адзначаны "важны ўклад адважных жанчын Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай, Веранікай Цапкалай і Марыяй Калеснікавай і іх прыхільнікаў у агучванне і адстойванне законных патрабаванняў беларускага народа". Еўрадэпутаты звяртаюць увагу на тое, што "многія беларусы лічаць Святлану Ціханоўскую пераможцай выбараў і абраным прэзідэнтам Беларусі".

Еўрадэпутаты выказваюць падтрымку беларускім рабочым і незалежным прафсаюзам. Яны заклікаюць улады і працадаўцаў Беларусі паважаць права працоўных на страйк без рызыкі звальнення, арышту ці іншых рэпрэсій.

Еўрапарламент настойвае на неабходнасці забяспечыць у Беларусі права грамадзян на свабоду сходаў і асацыяцый, свабоднае выказванне меркаванняў і перакананняў.

"Еўрапарламент рашуча падтрымлівае санкцыі ЕС супраць асоб, адказных за фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэпрэсіі ў Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Еўрапарламентарыі заклікаюць Савет ЕС "неадкладна і ў цеснай каардынацыі з міжнароднымі партнёрамі ўвесці шырокія і эфектыўныя санкцыі супраць усіх датычных да фальсіфікацый на выбарах, да рэпрэсій і гвалту ў Беларусі".

Савет ЕС таксама заклікаюць "пераняць прыклад краін Балтыі, якія ўключылі Лукашэнку ў свой санкцыйны спіс, і пашырыць першапачаткова прапанаваную групу асоб, якія падпадаюць пад санкцыі, за кошт уключэння ў яе значнай колькасці чыноўнікаў высокага і сярэдняга звяна, а таксама вядомых прадпрымальнікаў за падтрымку рэжыму ці звальненне сваіх супрацоўнікаў за ўдзел у страйках".

Акрамя таго, Еўрапарламент заклікае Савет ЕС вывучыць магчымасць уключэння ў санкцыйны спіс "расійскіх грамадзян, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі".

У рэзалюцыі вітаецца прапанова кіраўніцтва АБСЕ аказаць Беларусі дапамогу ў арганізацыі працэсу дыялогу.

Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў (ЕСЗД) і Еўракамісіі рэкамендавана падрыхтаваць усебаковы агляд палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі з улікам неабходнасці падтрымкі "народа Беларусі і яго дэмакратычных памкненняў, а таксама грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, незалежных прафсаюзаў і незалежных СМІ".

Еўрапарламент заклікае павялічыць фінансавую падтрымку з боку ЕС для беларускай грамадзянскай супольнасці з адначасовай замарозкай фінансавання "для дзяржаўных і кантраляваных дзяржавай арганізацый".

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка не выдаваць ніякіх сродкаў дзейнаму беларускаму рэжыму.

Еўрапарламент заклікае выканаўчыя органы ЕС "арганізаваць канферэнцыю донараў для дэмакратычнай Беларусі, сабраўшы разам міжнародныя фінансавыя інстытуты, краіны G7, дзяржавы-члены і інстытуты ЕС, а таксама іншых удзельнікаў, якія жадаюць даць шматмільярдны фінансавы пакет для падтрымкі будучых рэформаў і рэструктурызацыі эканомікі".

Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў рэкамендавана прыпыніць перамовы з Беларуссю па прыярытэтах партнёрства да правядзення свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў.

Еўрапарламент таксама заклікае дзяржавы — члены ЕС палегчыць і паскорыць стварэнне гуманітарнага калідора і працэдуры атрымання віз для тых, хто вымушаны пакінуць Беларусь па палітычных матывах, і для тых, хто мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе ў выніку рэпрэсій.

Еўракамісія, дзяржавы — члены ЕС і ЕСЗД павінны аказаць поўную падтрымку намаганням Савета ААН па правах чалавека і Маскоўскага механізму АБСЕ па забеспячэнні дакументавання і справаздачнасці аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, гаворыцца ў рэзалюцыі.

Еўрапарламент асуджае "гібрыднае ўмяшанне Расійскай Федэрацыі ў справы Беларусі, у прыватнасці, накіраванне так званых экспертаў па СМІ ў беларускія дзяржаўныя СМІ і дарадцаў — ва ўзброеныя сілы і праваахоўныя органы". Урад РФ заклікаюць "спыніць любыя прыхаваныя або відавочныя спробы ўмяшання ва ўнутраныя працэсы ў Беларусі".

Еўрадэпутаты папярэджваюць, што ў Аляксандра Лукашэнкі "няма палітычнага ці маральнага права ўступаць у якія-небудзь далейшыя дагаворныя адносіны ад імя Беларусі, у тым ліку з расійскімі ўладамі, якія могуць пагражаць суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі".

Еўрапарламент заклікае Міжнародную федэрацыю хакея адклікаць сваё рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2021 года часткова ў Беларусі датуль, пакуль сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не палепшыцца.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239