Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/17/eu_1060337_123/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 22:43
17.09.2020 15:43 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Урады Літвы і Польшчы падпісалі дэкларацыю, якая ўтрымлівае меры па падтрымцы беларускага народа

Мінск, 17 верасня. Літва і Польшча падпісалі дэкларацыю аб стратэгічным партнёрстве і Беларусі. Дакумент быў падпісаны 17 верасня ў Вільнюсе прэм'ер-міністрам Літвы Саўлюсам Сквярнялісам і яго польскім калегам Матэвушам Маравецкім, паведамляе Delfi.

"Мы падтрымліваем імкненне беларускага народа жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне з кіраваннем лідараў, якія б былі абраныя на свабодных і сумленных выбарах", — гаворыцца ў дэкларацыі.

Сквярняліс і Маравецкі заклікалі як мага хутчэй правесці ў Беларусі свабодныя і дэмакратычныя выбары.

У дэкларацыі зацверджаныя меры па падтрымцы беларусаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсій і маюць патрэбу ў лячэнні або медыцынскай дапамозе. Падтрымка таксама будзе аказаная студэнтам, навукоўцам, прадстаўнікам культуры і мастацтва, якія пазбавіліся працы з-за сваіх поглядаў. "Улічваючы гэта, Літва і Польшча дамовіліся яшчэ больш актыўна каардынаваць гэтыя намаганні, у тым ліку і на ўсіх міжнародных форумах", — гаворыцца ў дакуменце.

У дэкларацыі таксама адзначаецца, што стратэгічнае партнёрства Літвы і Польшчы ў апошнія гады ўзмацнілася "як якасна, так і колькасна". Краіны абавязваюцца працягваць развіваць супрацоўніцтва "ў сферах бяспекі, бізнесу, эканомікі, нацыянальных меншасцяў, культуры, адукацыі, моладзевых абменаў, навуковых даследаванняў і ў іншых галінах".

"Асаблівую ўвагу ў адносінах дзвюх краін мы нададзім гістарычнай памяці і не будзем мірыцца з дзёрзкімі спробамі некаторых дзяржаў перапісаць гісторыю і інакш інтэрпрэтаваць гістарычныя факты", — гаворыцца ў дэкларацыі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239