Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/17/ru_1060284_1060285/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2021 15:45
17.09.2020 09:09 Грамадства

Беларускія адвакаты патрабуюць ад уладаў выканання закона і правоў грамадзян

Мінск, 17 верасня. Беларускія адвакаты запісалі калектыўны відэазварот у падтрымку сваіх арыштаваных калег Максіма Знака і Ільі Салея. Яны патрабуюць ад уладаў выконваць закон і правы грамадзян.

"Мы адвакаты, і мы беларусы. Мы не носім балаклавы і не хаваем свае імёны. Мы дапамагаем людзям, — гаворыцца ў звароце. — Але цяпер мы сутыкнуліся з грубым парушэннем закона. Нам не дазваляюць убачыцца з грамадзянамі, якія затрыманыя, нам не паведамляюць аб часе і месцы разгляду адміністрацыйных спраў у судзе. Нам не дазваляюць фатаграфаваць матэрыялы справы, і не звяртаюць увагі на грубыя памылкі. У судах апытваюць супрацоўнікаў у масках і лічаць, што гэта законна. Нашых грамадзян караюць адміністрацыйнымі арыштамі, утрымліваюць у цяжкіх умовах, збіваюць, пагражаюць звальненнямі і сацыяльна небяспечным становішчам. Але гэта — не па законе".

Адвакаты прапаноўваюць успомніць "пра закон і пра тую прысягу, якую даваў кожны". "У нас адна мэта — захаванне законнасці і вяршэнства права. Канстытуцыя гарантуе права на юрыдычную дапамогу кожнаму. Наш сродак абароны — закон, — падкрэсліваюць яны. — Не дубінкай, не загадам, не сілай мы дамагаемся справядлівасці. Мы абараняем людзей, абапіраючыся на закон".

"Вы маеце права на канфідэнцыйныя зносіны са сваім адвакатам, дзе б вы ні знаходзіліся. Вы маеце права на абаронцу з моманту затрымання. Ніхто не павінен даказваць сваю невінаватасць. Супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі забараняецца. Мы не стомімся стукацца ў зачыненыя дзверы СІЗА, ЦІП, ІЧУ і РУУС, пакуль нас туды не пусцяць. Мы не стомімся пісаць скаргі на незаконныя дзеянні і рашэнні. Мы будзем заяўляць хадайніцтвы і адводы суддзям. Мы не спынім дамагацца пакарання вінаватых і вызвалення невінаватых. Мы будзем патрабаваць выканання закона і правоў грамадзян, пакуль праўда не пераможа. Мы будзем рабіць сваю справу, нягледзячы ні на што", — заяўляюць адвакаты.

"Нашы калегі Максім Знак і Ілья Салей арыштаваныя. Яны выконвалі свой прафесійны абавязак. Яны дзейнічалі выключна ў рамках закона і ў прававым полі. На іх месцы можа апынуцца кожны з нас. Максім Знак і Ілья Салей павінны быць на волі. Закон павінен працаваць аднолькава для ўсіх. Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы павінны дзейнічаць у межах Канстытуцыі. Беларусь павінна быць прававой дзяржавай. Суды павінны быць незалежныя і падпарадкоўвацца толькі закону. Пракуратура павінна ажыццяўляць нагляд за дакладным прымяненнем закона. Міліцыя павінна ахоўваць жыццё, здароўе і правы грамадзян. Нам, адвакатам, не павінны ствараць перашкод у працы. Мы — адвакаты, і мы будзем дапамагаць нашым грамадзянам. Мы патрабуем выконваць закон і правы грамадзян", — гаворыцца ў звароце, які падтрымалі 79 адвакатаў.

Максім Знак і Ілья Салей былі затрыманыя ў Мінску 9 верасня. Яны знаходзяцца ў статусе падазраваных у рамках справы па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Справа распачатая па факце стварэння Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239