Акрэдытаваныя ў Беларусі еўрапейскія дыпламаты абвясцілі аб запуску акцыі салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі
Мінск, 18 верасня. Акрэдытаваныя ў Беларусі еўрапейскія дыпламаты абвясцілі аб запуску акцыі салідарнасці з беларускімі палітзняволеныміі.
"Мы выказваем салідарнасць з усімі палітычнымі вязнямі ў Беларусі — некалькімі дзясяткамі мужчын і жанчын, несправядліва заключанымі пад варту за абарону і адстойванне асноўных свабод і дэмакратыі, — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на старонцы прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ў "Фэйсбуку". — З гэтага дня кожны з нас будзе прыносіць копію спісу палітвязняў у Беларусі на кожную сустрэчу з беларускімі чыноўнікамі".
Кіраўнікі дыпмісій краін ЕС заклікалі беларускія ўлады дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі міжнароднымі абавязкамі і вызваліць усіх тых, хто ў Беларусі быў заключаны ў турму на працягу апошніх некалькіх месяцаў па палітычных матывах.
Дыпламаты падкрэсліваюць, што мірнае і ўстойлівае ўрэгуляванне цяперашняга крызісу можа быць вынікам толькі "ўсёабдымнага нацыянальнага дыялогу пры поўным выкананні асноўных правоў і свабод народа Беларусі і пры поўным забеспячэнні дэмакратычных працэдур, якіх патрабуе народ Беларусі".