Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/18/ru_1060409_123/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 03:48
18.09.2020 09:08 Палітыка, Грамадства

Беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ 12 чалавек

Мінск, 18 верасня. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі палітзняволенымі яшчэ 12 чалавек, затрыманых у межах крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі.

Заява прынятая "ў сувязі з інфармацыяй пра выстаўленне абвінавачванняў паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі") Сяргею Капанцу, Дзянісу Кірэшчанку, Аляксею Караткову, Станіславу Міхайлаву, Алене Маўшук, Алегу Мазгову, Дэвіду Масціцкаму, Мікалаю Сасеву, Ігару Салаўю, Ягору Сугойдзю, Дзянісу Чыкалёву і Вячаславу Шэлямету". Яе тэкст публікуе праваабарончы сайт spring96.org.

"Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, — канстатуюць праваабаронцы. — Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах з мэтай нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў".

"Выступленні грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі з шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя", — адзначаецца ў заяве.

"Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі. Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў было атрымана ад выкарыстання шумавых гранат", — заяўляюць праваабаронцы.

Яны нагадваюць пра сваю заяву ад 10 жніўня, у якой "беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь".

"Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не ўчыняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі збройнага супраціву праваахоўным органам", — падкрэсліваецца ў заяве.

"Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужявання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад загадзя непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі", — адзначаюць праваабаронцы.

Пераслед Сяргея Капанца, Дзяніса Кірэшчанкі, Аляксея Караткова, Станіслава Міхайлава, Алены Маўшук, Алега Мазгова, Дэвіда Масціцкага, Мікалая Сасева, Ігара Салаўя, Ягора Сугойдзя, Дзяніса Чыкалёва і Вячаслава Шэлямета, якія былі абвінавачаныя згодна з арт. "Масавыя беспарадкі", праваабарончыя арганізацыі расцэньваюць як "палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання". У сувязі з гэтым названыя людзі прызнаюцца палітычнымі вязнямі.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць іх з-пад варты і спыніць крымінальны пераслед. У заяве таксама ўтрымліваецца патрабаванне "неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарны перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны".

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр "Вясна", "Ініцыятыва FORB", кансультацыйны цэнтр "Х`юман Канстанта", РГА "Прававая ініцыятыва", Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, і ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права".

Па стане на 17 верасня ў Беларусі налічваецца ўжо 70 палітвязняў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239