Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/18/ru_1060536_1060537/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 03:12
18.09.2020 17:51 Палітыка

СПЧ ААН заклікае ўлады Беларусі спыніць прымяненне сілы супраць дэманстрантаў і правесці расследаванне

Мінск, 18 верасня. Савет ААН па правах чалавека глыбока занепакоены сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, якую прыняў СПЧ 18 верасня па выніках экстранных дэбатаў па сітуацыі ў Беларусі.

За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 23 краіны, якія ўваходзяць у склад савета, супраць 2, устрымаліся 22.

СПЧ шкадуе, што ўрад Беларусі "не выканаў сваіх абавязацельстваў у дачыненні да права кожнага грамадзяніна галасаваць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія праводзяцца на аснове ўсеагульнага і роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні і гарантуюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў".

У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне, што Беларусь не выканала папярэдніх рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) па паляпшэнні выбарчага заканадаўства, а таксама не накіравала своечасова запрашэнне БДІПЧ для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі, што не дазволіла накіраваць у краіну назіральную місію.

"СПЧ выказвае сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з годнымі даверу сцвярджэннямі аб тым, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх у Беларусі былі здзейсненыя парушэнні правоў чалавека, уключаючы шматлікія акты катаванняў, гвалтоўныя знікненні, выкраданні і адвольныя выправаджэнні [з краіны], адвольныя затрыманні, у тым ліку непаўналетніх, акты сексуальнага і гендарнага гвалту, акты адвольнага пазбаўлення жыцця, нападу на членаў палітычнай апазіцыі, уключаючы членаў Каардынацыйнай рады, іх запалохванне і заключэнне пад варту", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

У ёй згадваецца палітычна матываванае адвольнае выправаджэнне з тэрыторыі Беларусі членаў Каардынацыйнай рады, праваабаронцаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, журналістаў, а таксама людзей, якія імкнуцца мірна ажыццяўляць свае грамадзянскія і палітычныя правы.

У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што ў Беларусі абмежаваны доступ да шэрагу сайтаў СМІ, пазбаўленыя акрэдытацыі журналісты замежных СМІ, адбываецца блакаванне доступу да інтэрнэту.

"СПЧ выказвае асаблівую заклапочанасць з нагоды вартых даверу сцвярджэнняў аб шматлікіх актах катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і пенітэнцыярных устаноў, у тым ліку ў турмах і ізалятарах, у сувязі з якімі патрабуецца неадкладнае правядзенне незалежнага расследавання, і выказвае шкадаванне з нагоды таго, што Беларусь, будучы дзяржавай — удзельніцай Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, не выканала сваіх абавязацельстваў па гэтай дамове", — падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

СПЧ заклікае ўлады Беларусі спыніць "прымяненне празмернай сілы супраць мірных дэманстрантаў, у тым ліку катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або зневажаючыя годнасць віды абыходжання і пакарання і гвалтоўныя знікненні", а таксама спыніць адвольныя затрыманні і арышты па палітычных матывах.

"СПЧ настойліва заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, журналістаў, праваабаронцаў, членаў страйкавых камітэтаў, студэнтаў і тых, хто быў затрыманы напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў за ажыццяўленне сваіх правоў чалавека і асноўных свабод", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Улады Беларусі заклікаюць уступіць у дыялог з палітычнай апазіцыяй, у тым ліку з Каардынацыйнай радай і грамадзянскай супольнасцю, каб гарантаваць захаванне нормаў аб правах чалавека, уключаючы грамадзянскія і палітычныя правы.

Савет таксама настойліва заклікае ўлады Беларусі выканаць свае міжнародныя абавязацельствы ў сферы правоў чалавека, у тым ліку ў дачыненні да свабоды мірных сходаў і асацыяцыі, забароны катаванняў і іншых формаў неправамернага абыходжання, а таксама свабоды думак і іх свабоднага выказвання як анлайн, так і афлайн, уключаючы абавязацельствы, звязаныя са свабодай СМІ.

"СПЧ настойліва заклікае ўлады Беларусі стварыць умовы для правядзення незалежных, транспарэнтных і бесстаронніх расследаванняў усіх парушэнняў правоў чалавека, як мяркуецца, учыненых у кантэксце выбараў, уключаючы сцвярджэнні аб прымяненні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ў дачыненні да затрыманых і ўдзельнікаў пратэстаў, а таксама гвалтоўных знікненняў, і гарантаваць ахвярам доступ да правасуддзя і кампенсацыі шкоды і прыцягненне вінаватых да поўнай адказнасці", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Беларусь таксама заклікаюць у поўнай меры супрацоўнічаць са спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, у прыватнасці шляхам прадастаўлення ёй свабоднага, поўнага і бесперашкоднага доступу на тэрыторыю краіны, уключаючы бесперашкодны доступ да ўсіх месцаў утрымання пад вартай.

СПЧ просіць вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ўважліва сачыць за становішчам у галіне правоў чалавека ў Беларусі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Да канца 2020 года вярхоўны камісар павінна вусна даць савету прамежкавую абноўленую інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі разам з рэкамендацыямі. Усёабдымны пісьмовы даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ад камісара чакаюць да 46-й сесіі СПЧ, якая пройдзе з 22 лютага па 19 сакавіка 2021 года.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239