Колькасць удзельніц жаночага маршу салідарнасці вырасла да некалькіх тысяч, пачаліся затрыманні
Мінск, 19 верасня. Колькасць удзельніц жаночага маршу, які праходзіць 19 верасня ў Мінску, вырасла да некалькіх тысяч, пачаліся затрыманні.
У сацсетках акцыя анансавалася як "Бліскучы марш жаночай салідарнасці", а яго ўдзельніцам прапаноўвалася ўзяць з сабой "мішуру, глітар, баа і рознакаляровыя стужкі".
Жанчыны сабраліся каля 15.00 у раёне Камароўскага рынку і пайшлі шэсцем па вуліцах Харужай і Багдановіча да плошчы Бангалор, а затым звярнулі на вуліцу Сурганава. Па дарозе іх віталі сігналамі аўтамабілісты, таксама каля дзясятка чалавек сталі ў ланцуг салідарнасці на вуліцы Багдановіча. Туды ж падтрымаць удзельніц маршу прыехала некалькі дзясяткаў байкераў, якія праехалі па праезнай частцы побач з жанчынамі, што ішлі па тратуары.
На пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра "Еўропа" побач з плошчай Бангалор людзі ў цывільным адзенні і масках паспрабавалі затрымаць двух байкераў — хлопца і яго дзяўчыну. З'явіліся супрацоўнікі ў зялёнай форме без апазнавальных знакаў. Жанчыны акружылі байкераў, каб супрацьстаяць іх затрыманню. Удзельніцы маршу скандуюць "Пайшлі прэч!", "Ганьба!". Магчыма, адзін з байкераў усё-такі быў затрыманы.
На скрыжаванні Сурганава і вуліцы Якуба Коласа да шэсця пад'ехалі некалькі аўтазакаў, аўтобусаў і мікрааўтобусаў, з якіх выйшлі супрацоўнікі АМАПа, а таксама сілавікі ў зялёнай форме і балаклавах. Адзін з іх па рацыі аддаў загад "заблакаваць". Частка жанчын стаіць у счэпцы каля моладзевага цэнтра "Айсберг". Жанчыны гучна крычаць і скандуюць "Свабоду!", "Закон для ўсіх!".
АМАП пачаў затрымліваць удзельніц, у тым ліку затрымаў актывістку Ніну Багінскую. Акрамя таго, затрыманы мужчына, пра якога амапавец паспеў сказаць калегам, што ён італьянец.