Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/19/ru_1060632_1060633/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 22:46
19.09.2020 17:39 Палітыка, Грамадства

Сілавікі затрымалі большасць заблакаваных каля цэнтра "Айсберг" удзельніц жаночага маршу

Мінск, 19 верасня. Сілавікі затрымалі большасць заблакаваных каля маладзёжнага цэнтра "Айсберг" на мінскай вуліцы Сурганава удзельніц жаночага маршу. Паводле слоў аднаго з сілавікоў, іх павінны адвезці ва УУС Савецкага і Цэнтральнага раёнаў.

Затрыманых было вельмі шмат, таму яны стаялі ў чарзе, каб зайсці ў аўтазак. Некаторыя нагадвалі сілавікам аб Канстытуцыі, адпускалі жарты і з'едліва гаварылі ў іх адрас.

Прыехалі дзве машыны хуткай дапамогі і забралі дзвюх жанчын, якім стала дрэнна.

Удзельніцы маршу, якія засталіся на волі, пасля ад'езду аўтазакаў сталі ўздоўж вуліцы ў ланцуг салідарнасці. Аўтамабілі вітаюць іх сігналамі.

Сярод затрыманых была 73-гадовая актывістка Ніна Багінская, яе адпусцілі каля будынка Савецкага РУУС.

У сацсетках акцыя анансавалася як "Бліскучы марш жаночай салідарнасці", а яго ўдзельніцам прапаноўвалася ўзяць з сабой "мішуру, глітар, баа і рознакаляровыя стужкі".

Жанчыны сабраліся каля 15.00 у раёне Камароўскага рынку і пайшлі шэсцем па вуліцах Харужай і Багдановіча да плошчы Бангалор, а затым звярнулі на вуліцу Сурганава. Па дарозе іх віталі сігналамі аўтамабілісты, таксама каля дзясятка чалавек сталі ў ланцуг салідарнасці на вуліцы Багдановіча. Туды ж падтрымаць удзельніц маршу прыехала некалькі дзясяткаў байкераў, якія праехалі па праезнай частцы побач з жанчынамі, што ішлі па тратуары.

На пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра "Еўропа" побач з плошчай Бангалор людзі ў цывільным адзенні і масках паспрабавалі затрымаць двух байкераў — хлопца і яго дзяўчыну. З'явіліся супрацоўнікі ў зялёнай форме без апазнавальных знакаў. Жанчыны акружылі байкераў, каб супрацьстаяць іх затрыманню. Удзельніцы маршу скандавалі "Пайшлі прэч!", "Ганьба!". Магчыма, адзін з байкераў усё-такі быў затрыманы.

На скрыжаванні Сурганава і вуліцы Якуба Коласа да шэсця пад'ехалі некалькі аўтазакаў, аўтобусаў і мікрааўтобусаў, з якіх выйшлі супрацоўнікі АМАПа, а таксама сілавікі ў зялёнай форме і балаклавах. Адзін з іх па рацыі аддаў загад "заблакаваць". Пасля гэтага пачаліся затрыманні.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239