Паводле звестак праваабаронцаў, на жаночым маршы ў Мінску былі затрыманыя 390 чалавек
Мінск, 20 верасня. Паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, падчас жаночага маршу ў Мінску былі затрыманыя не менш за 390 чалавек. Спісы затрыманых публікуе праваабарончы сайт spring96.org.
Масавыя затрыманні адбыліся ля моладзевага цэнтра "Айсберг" на скрыжаванні вуліц Сурганава і Якуба Коласа.
Затрыманых дастаўлялі ў сталічныя РУУС. Большасць з іх неўзабаве былі адпушчаныя.
У ліку затрыманых была 73-гадовая Ніна Багінская. Яе адвезлі да Савецкага РУУС, дзе адпусцілі на волю.
Таксама была затрыманая супрацоўніца пасольства Вялікабрытаніі Іна Рамашэўская. Яе даставілі ва УУС Фрунзенскага раёна, адкуль затым адпусцілі.
Таксама затрымліваліся ўдзельнікі акцый у іншых гарадах краіны: Мазыры і Ветцы (Гомельская вобласць), Лідзе (Гродзенская вобласць).