За гадзіну да пачатку Маршу справядлівасці ў Мінску пачалі перакрываць вуліцы ў кірунку да Палаца Незалежнасці
Мінск, 20 верасня. За гадзіну да анансаванага прыхільнікамі перамен Маршу справядлівасці — чарговай нядзельнай акцыі — у Мінску перакрытыя праспект Пераможцаў ад стэлы "Мінск — горад-герой" у бок Палаца Незалежнасці, праспект Пушкіна ад вул. Альшэўскага ў бок праспекта Пераможцаў, а таксама ўезд на вул. Арлоўскую з боку плошчы Бангалор.
Зачыненыя шэсць станцый метро "Плошча Леніна", "Плошча Перамогі", "Плошча Якуба Коласа", "Кастрычніцкая", "Купалаўская", "Няміга". Цягнікі на іх не спыняюцца. Мінскі метрапалітэн традыцыйна "прыносіць прабачэнні за часовыя нязручнасці".
Папярэдняя нядзельная акцыя — Марш герояў — сабрала толькі ў Мінску не менш за 100 тысяч чалавек і суправаджалася жорсткімі дзеяннямі сілавікоў. Затрыманні дэманстрантаў пачаліся яшчэ да пачатку маршу ў розных месцах горада — сілавікі спрабавалі не пусціць людзей у цэнтр.