У Мінску зноў адключаны мабільны інтэрнэт
Мінск, 20 верасня. У Мінску, дзе сёння праходзіць чарговая нядзельная акцыя прыхільнікаў перамен, адключаны мабільны інтэрнэт.
Інтэрнэт стаў недаступны для абанентаў мабільных сетак прыкладна ў 14.30.
Раней былі зачыненыя станцыі метро "Плошча Леніна", "Плошча Перамогі", "Плошча Якуба Коласа", "Кастрычніцкая", "Купалаўская", "Няміга", "Фрунзенская". Цягнікі на іх не спыняюцца.
За гадзіну да анансаванага прыхільнікамі перамен Маршу справядлівасці — чарговай нядзельнай акцыі — у Мінску былі перакрытыя праспект Пераможцаў ад стэлы "Мінск — горад-герой" у бок Палаца Незалежнасці, праспект Пушкіна ад вул. Альшэўскага ў бок праспекта Пераможцаў, а таксама ўезд на вул. Арлоўскую з боку плошчы Бангалор.
Папярэдняя нядзельная акцыя — Марш герояў — сабрала толькі ў Мінску не менш за 100 тысяч чалавек і суправаджалася жорсткімі дзеяннямі сілавікоў.