Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/20/ru_1060737_123/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 03:00
20.09.2020 18:56 Палітыка, Грамадства

Для разгону ўдзельнікаў Маршу справядлівасці ў Брэсце сілавікі ўжылі слезацечны газ, затрыманыя прыкладна 15 чалавек

Брэст, 20 верасня. Для разгону ўдзельнікаў Маршу справядлівасці ў Брэсце 20 верасня сілавікі ўжылі слезацечны газ.

Акцыя ў Брэсце пачалася каля 15.00 на вуліцы Савецкай. Людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі да кінатэатра "Беларусь", затым — па вуліцах Будзённага, Карла Маркса і выйшлі на вуліцу Гогаля. Людзі скандавалі "Гэта наш горад!", "Жыве Беларусь!", "Хопіць хлусіць!", "Сыходзь!" "Адпусціце Машу, пасадзіце Сашу!".

На вуліцы Гогаля дарогу калоне перагарадзілі сілавікі. Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, каля 16.00, калі прыкладна паўтары тысячы дэманстрантаў рухаліся на вуліцы Гогаля, супрацоўнікі міліцыі распылілі ў твары людзей слезацечны газ і сталі іх затрымліваць. Пратэстоўцы перамясціліся на вуліцу Савецкую, а затым — зноў пайшлі ў напрамку вуліцы Гогаля. Каля 17.00 на скрыжаванні гэтых двух вуліц зноў адбыліся затрыманні. Яны перараслі ў сутычкі дэманстрантаў з сілавікамі, адзін з амапаўцаў зрабіў стрэл у паветра са стрэльбы.

Прыкладна ў 17.20 калона з 500 чалавек пайшла па цэнтральных вуліцах горада. Людзі скандавалі: "Далучайся!".

"Паводле наяўных у мяне звестак, сёння сілавікі затрымалі ў Брэсце каля 15 чалавек. Не менш за двух — яшчэ да пачатку акцыі: каля 15.30 на праспекце Машэрава", — паведаміў праваабаронца.

Ларыса Шыганава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239