Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/20/ru_1060746_123/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 02:18
20.09.2020 19:43 Палітыка, Грамадства

Марш справядлівасці ў Мінску сабраў больш за 100 тысяч чалавек

Мінск, 20 верасня. Больш за 100 тысяч чалавек сабраліся ў Мінску на традыцыйную нядзельную акцыю, якая сёння называлася "Марш справядлівасці". Прыхільнікі перамен таксама выйшлі на вуліцы Брэста, Віцебска, Гродна, Гомеля, Магілёва, Салігорска і іншых гарадоў Беларусі.

У сталіцы сілавікі актыўна перашкаджалі збору людзей на праспекце Пераможцаў, але, нягледзячы на гэта, каля 15.00 у раёне стэлы "Мінск — горад-герой" было ўжо некалькі дзясяткаў тысяч дэманстрантаў. Да іх далучаліся людзі з прылеглых вуліц. У выніку шматтысячная калона з бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягамі розных мікрараёнаў Мінска накіравалася да Палаца Незалежнасці. Убачыўшы кардон сілавікоў на падыходах да палаца, пратэстоўцы вырашылі змяніць маршрут. Яны адправіліся ў бок цэнтра па вуліцах Ігнаценкі, Ціміразева, Кальварыйскай, Нямігі, Багдановіча, Купалы, Куйбышава, Харужай.

Некалькі разоў дэманстранты спрабавалі выйсці на праспект Незалежнасці, але ім перагароджвалі шлях сілавікі. У раёне плошчы Якуба Коласа калоне ўсё-такі ўдалося выйсці на праспект і прайсці ад плошчы да скрыжавання з вуліцай Казлова. Там удзельнікаў маршу сустрэў кардон сілавікоў, аўтамабілі "Рубеж" і вадамёты. Галава калоны звярнула ў бок Вайсковых могілак. Скарыстаўшыся гэтым, сілавікі разбілі дэманстрантаў на дзве часткі. У раёне вуліцы Змітрака Бядулі пачаліся затрыманні. Паводле інфармацыі відавочцаў, людзей таксама затрымлівалі ў раёне ЦУМа, Белдзяржфілармоніі і ГЦ "Маскоўска-Венскі".

Паводле звестак праваабаронцаў на 19.30, сёння на маршы ў Мінску было затрымана больш за 50 чалавек, у рэгіёнах — больш за 40. Спіс затрыманых на праваабарончым сайце spring96.org абнаўляецца.

Сённяшні марш быў ужо шостым нядзельным маршам прыхільнікаў перамен пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіванне мірных дэманстрантаў і іх катаванне.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239