Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/21/eu_1060858_220011/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 17:45
21.09.2020 16:07 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Ціханоўская: Народ Беларусі ніколі не прыме вынікі выбараў

Мінск, 21 верасня. Народ Беларусі ніколі не прыме вынікі выбараў, якія прайшлі 9 жніўня, заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, выступаючы 21 верасня на пасяджэнні камітэта Еўрапарламента па замежных справах.

"Лукашэнка страціў рэшткі сваёй легітымнасці і грамадскай падтрымкі, — сказала яна. — Ён адчайна чапляецца за ўладу і запалохвае нас вайной. Тыя, хто верныя яму, адчуваюць сваю беспакаранасць і ладзяць публічныя карныя зачысткі. Я ніколі не забуду галасы, якія чула каля Акрэсціна, дзе затрыманых гвалтавалі і катавалі. І каб вы разумелі, усё гэта адбываецца ў цэнтры Еўропы ў 2020 годзе".

Ціханоўская падзякавала Еўрапарламенту за тое, што ў прынятай на мінулым тыдні рэзалюцыі гаворыцца аб непрызнанні Лукашэнкі легітымным прэзідэнтам Беларусі, утрымліваюцца патрабаванні аб вызваленні ўсіх палітвязняў і аб увядзенні санкцый да тых, хто мае дачыненне да фальсіфікацый падчас выбараў і палітычных рэпрэсій.

Экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта заклікала Еўрапарламент спрыяць у арганізацыі дыялогу паміж Каардынацыйнай радай па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі і дзейным рэжымам, а таксама да салідарнасці з беларусамі, грамадзянскай супольнасцю і медыя, якія знаходзяцца цяпер пад націскам уладаў.

Яна таксама заклікала ЕС садзейнічаць пачатку міжнароднага расследавання ўсіх выпадкаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку выпадкаў катаванняў і бесчалавечнага абыходжання.

"Я заклікаю вас працаваць разам з намі над арганізацыяй свабодных, сумленных і справядлівых выбараў. Выбары павінны прайсці ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і пад наглядам нацыянальных і міжнародных назіральнікаў, — адзначыла Ціханоўская. — Кожная краіна павінна паважаць суверэнітэт Беларусі. Недапушчальна ніякае знешняе ўмяшанне, скіраванае на недапушчэнне правядзення новых выбараў ці на падтрымку цяперашняга нелегітымнага рэжыму. Але не будзем забываць, што абарона правоў чалавека і дэмакратыі не з'яўляецца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы".

"Спадзяюся, што аднойчы дэмакратычная Беларусь стане натхняльным прыкладам для іншых. Разам мы можам стварыць гэтую новую Беларусь, якая будзе захапляць свет", — дадала Святлана Ціханоўская.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239