Падчас нядзельных акцый у Мінску і рэгіёнах затрымана, паводле абноўленых звестак праваабаронцаў, амаль 240 чалавек
Мінск, 21 верасня. Падчас Маршу справядлівасці, які прайшоў 20 верасня ў Мінску, абласных цэнтрах і іншых гарадах, затрымана 237 чалавек, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
У сталіцы затрымана не менш за 168 чалавек, у тым ліку журналіст Дзяніс Боршч, давераная асоба экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Алег Майсееў, грамадзянін Расіі Аляксандр Турло.
У рэгіёнах 69 затрыманых — у Брэсце, Ваўкавыску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мазыры, Бабруйску, Дзяржынску, Салігорску, Гарадзішчы.
У Гомелі была затрыманая жанчына з 12-гадовым дзіцем. Аднаго з пратэстоўцаў у Брэсце пры затрыманні моцна збілі. У Магілёве былі затрыманыя два журналісты — Аляксандр Сідарэўскі і Аліна Скрабунова. Абодвух пасля вызвалілі. У Гродне затрымалі цяжарную на вялікім тэрміне, яе адпусцілі праз некалькі хвілін.