Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/21/ru_1060770_1060771/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2021 17:11
21.09.2020 09:45 Грамадства, Палітыка, Эканоміка

Яшчэ адзін шахцёр "Беларуськалія" адмовіўся падымацца на паверхню

Мінск, 21 верасня. Яшчэ адзін шахцёр ААТ "Беларуськалій" Алег Кудзёлка 21 верасня адмовіўся падымацца на паверхню да выканання яго патрабаванняў.

"Паводле папярэдняй інфармацыі ад работнікаў рудніка 4-га рудаўпраўлення: нервы яшчэ аднаго шахцёра не вытрымалі беззаконня, якое творыцца ў краіне. Пасля начной змены ён адмовіўся падымацца на паверхню да выканання яго патрабаванняў", — паведамляе старайкам "Беларуськалія".

Жонка гарняка перадала страйкаму яго адкрыты ліст генеральнаму дырэктару прадпрыемства Івану Галаватаму і калегам. Кудзёлка, які вучыўся разам з Галаватым у Санкт-Пецярбургскім горным універсітэце, у сваім звароце крытыкуе кіраўніцтва прадпрыемства за канфлікты з незалежным прафсаюзам, "адкаты" за кантракты, кадравую палітыку.

Звяртаючыся да гендырэктара прадпрыемства, шахцёр піша: "І па сітуацыі ў краіне і горадзе. Калектыў так і не пачуў ад цябе, свайго кіраўніка, пра "слабавікоў", якія маюць дачыненне да затрыманняў, збіцця і катаванняў мірных грамадзян, і работнікаў ААТ у тым ліку, пра незалежныя крымінальныя справы ў дачыненні да датычных асоб. Калектыў таксама не пачуў ад цябе, члена Савета Рэспублікі, пазіцыі па фальсіфікацыі выбараў. Становіцца зразумелым, што ты нахабна хлусіш, што ніякіх звальненняў работнікаў, якія выказваюць сваю пазіцыю, не будзе, як і не будзе аказвацца націску на членаў іх сем`яў. Чаму да гэтага часу не вызваленыя палітвязні? Чаму паслядоўна звальняюць работнікаў прадпрыемства, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю? Што за анкетаванне, якое наўпрост супярэчыць Адміністрацыйнаму кодэксу, праводзіцца з тваёй падачы? Падтрымліваючы АЗГ нелегітымнага прэзідэнта, ты аўтаматычна становішся яго саўдзельнікам".

Кудзёлка таксама звярнуўся да калег: "Пакуль вы разважаеце, усё больш таленавітай моладзі пакідае краіну. Пакуль мы яшчэ працуем, мы плацім пенсію нашым бацькам са сваіх падаткаў. Хто будзе плаціць пенсію нам?"

У адкрытым звароце, фотакопія якога апублікаваная ў тэлеграм-канале страйкаму "Беларуськалія", шахцёр патрабуе: "адстаўкі генеральнага дырэктара ААТ "Беларуськалій", вызваліць усіх зняволеных страйкамаўцаў ААТ "Беларуськалій", спыніць націск на членаў страйкаму і іх сем`яў, адмяніць ганебнае рашэнне аб звальненні ўдзельнікаў забастоўкі на ААТ "Беларуськалій", спыніць бязмежжа сілавікоў, спыніць запалохванне, затрыманне і збіванне мірнага насельніцтва краіны".

Гэта ужо другі такі выпадак на "Беларуськаліі". 10 верасня пасля заканчэння працоўнай змены машыніст гарнавыемачных машын першага рудаўпраўлення Юрый Корзун правёў на глыбіні 305 метраў адзіночную акцыю пратэсту. Ён прыкаваў сябе наручнікамі і трохметровым ланцугом да абсталявання шахты і адмовіўся выходзіць на паверхню, пакуль не будуць выкананыя яго патрабаванні. Сярод іх — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, неадкладнае спыненне фізічнай расправы над пратэстоўцамі, выкрадання грамадзян невядомымі, запалохвання і звальнення працоўных, неадкладнае вызваленне ўзятых пад арышт прадстаўнікоў страйкавага камітэта. Аб сваіх патрабаваннях гарняк пісьмова праінфармаваў кіраўніцтва "Беларуськалія".

Прыкладна праз тры гадзіны пасля пачатку акцыі Корзуна з ужываннем сілы паднялі з шахты на паверхню. Наручнікі і ланцуг былі разрэзаныя спецыяльным абсталяваннем. На машыне хуткай дапамогі шахцёр быў дастаўлены ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу, дзе яго абследавалі, а затым адпусцілі.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239