Жазэп Барэль гатовы прыехаць у Мінск для ўрэгулявання крызісу ў краіне

"Я гатовы прыехаць у Мінск, калі гэта будзе спрыяць прагрэсу. Да гэтага часу Лукашэнка адмаўляўся ўзаемадзейнічаць з Еўрапейскім саюзам на любым узроўні", — адзначыў ён.
Барэль падкрэсліў, што Беларусі неабходны нацыянальны дыялог для выхаду з наяўнай сітуацыі, у якім павінна паўнавартасна ўдзельнічаць і Каардынацыйная рада.
"У сувязі з непазбежнай спробай Лукашэнкі арганізаваць псеўдаінаўгурацыю (магчыма, ужо на гэтым тыдні) прыйшоў час для ЕС назваць рэчы сваімі імёнамі: Лукашэнка страціў усякую легітымнасць, — заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі. — Найлепшы выхад з крызісу палітычнай легітымнасці, такога як у Беларусі, гэта арганізаваць вартыя даверу выбары, каб людзі маглі свабодна выбіраць свайго прэзідэнта і, такім чынам, будучыню сваёй краіны".
Паводле слоў Барэля, беларускія ўлады адмаўляюцца ад дыялогу з Каардынацыйнай радай і ад міжнароднага пасрэдніцтва праз АБСЕ. "Нягледзячы на гэтую сумную пазіцыю, мы павінны працягнуць вывучэнне любых магчымасцяў, — лічыць ён. — Па гэтай прычыне я вітаю і падтрымліваю запуск Маскоўскага механізму АБСЕ для правядзення экспертнай місіі па ўстанаўленні фактаў меркаваных парушэнняў правоў чалавека. Мы таксама падтрымліваем прапанову цяперашняга і будучага старшыні АБСЕ, Албаніі і Швецыі, паехаць у Мінск".
Барэль адзначыў, што ЕС працягвае працу над санкцыямі. "Падрыхтаваны спіс з прыкладна 40 імёнаў і арганізацый, накіраваны на тых, хто нясе адказнасць за фальсіфікацыі выбараў, задушэнне мірных пратэстаў і жорсткасць з боку дзяржавы, — паведаміў ён. — На жаль, санкцыі яшчэ не прынятыя, паколькі для гэтага патрабуецца кансэнсус і адна дзяржава — член ЕС не была гатовая далучыцца".
Барэль адзначыў, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні Еўрапейскага савета, якое мае адбыцца. "Я ясна даў зразумець, што мы абавязаныя прыняць гэтыя санкцыі. Гэта пытанне нашага аўтарытэту", — падкрэсліў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.