Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/22/ru_1060943_1060944/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:36
22.09.2020 12:24 Палітыка

Камісар Савета Еўропы: Беларусь нясе адказнасць за парушэнні правоў сваіх грамадзян

Мінск, 22 верасня. Больш чым праз месяц пасля пачатку масавых пратэстаў сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі трывожнай, заявіла камісар Савета Еўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч. Хоць Беларусь не з`яўляецца членам Савета Еўропы, яна, як любая іншая краіна, звязаная міжнароднымі абавязацельствамі ў сферы правоў чалавека і нясе поўную адказнасць за парушэнні правоў сваіх грамадзян, дадала камісар.

Тэкст заявы апублікаваны на сайце Савета Еўропы.

"Тысячы мірных дэманстрантаў былі арыштаваныя, некалькі чалавек прапалі без вестак, — адзначыла яна. — Тым не менш негвалтоўныя дэманстрацыі працягваюцца па ўсёй краіне. Беларускія жанчыны сталі ключавымі галасамі пратэсту ў Беларусі і крыніцай натхнення для многіх ва ўсім свеце. Жанчыны, часта з кветкамі ў руках, сталі сімвалам мірнага характару пратэстаў. Яны маршыруюць разам кожны тыдзень, нягледзячы на гвалт з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія спрабуюць спыніць іх дэманстрацыі шляхам разгонаў і арыштаў".

Міятавіч падкрэслівае: хоць Беларусь і не з`яўляецца членам Савета Еўропы, яна, як і любая іншая краіна, звязаная міжнароднымі законамі і абавязацельствамі ў сферы правоў чалавека і нясе поўную адказнасць за парушэнні правоў сваіх грамадзян, асабліва калі гэтыя парушэнні адбываюцца масава і сістэматычна. "Забарона катаванняў і жорсткага абыходжання носіць абсалютны і імператыўны характар і накладае шэраг канкрэтных абавязацельстваў на ўсе дзяржавы, уключаючы Беларусь", — гаворыцца ў заяве камісара СЕ.

"На жаль, шматлікія крыніцы, уключаючы праваабаронцаў, медыцынскія запісы і паказанні сведак, паказваюць на тое, што супрацоўнікі беларускіх праваахоўных органаў сістэматычна і наўмысна жорстка абыходзіліся з сотнямі людзей падчас утрымання пад вартай, — адзначыла Міятавіч. — Паведамлялася, што ў многіх выпадках абыходжанне было настолькі жорсткім, што было раўназначнае катаванням у розных формах. Паступалі паведамленні аб збіваннях, у выніку якіх былі зламаныя косці, паражэнні электрычным токам, сексуальным гвалце і згвалтаваннях".

Міятавіч таксама адзначыла, што журналісты, актывісты грамадзянскай супольнасці і праваабаронцы "пазбаўленыя магчымасці выконваць сваю працу, часта зведваючы фізічныя напады, адвольныя арышты, затрыманні і судовы пераслед з боку беларускіх уладаў".

"Усё гэта трэба неадкладна спыніць, — падкрэслівае камісар СЕ. — Паводле міжнароднага права ў галіне правоў чалавека Беларусь абавязаная правесці хуткае, празрыстае і незалежнае расследаванне ўсіх паведамленняў аб катаваннях і жорсткім абыходжанні і пакараць вінаватых. Усе ахвяры сур`ёзных парушэнняў правоў чалавека павінны мець доступ да эфектыўных сродкаў прававой абароны і правасуддзя".

Міятавіч адзначыла, што некаторыя пацярпелыя ад дзеянняў сілавікоў беларусы з`ехалі з краіны і цяпер знаходзяцца ў тых дзяржавах, якія з`яўляюцца членамі Савета Еўропы. "Могуць прыехаць і іншыя, калі сітуацыя з правамі чалавека найбліжэйшым часам не палепшыцца, — сказала яна. — Таму я заклікаю дзяржавы — члены Савета Еўропы дапамагчы беларускім ахвярам катаванняў і ўсім, хто мае патрэбу ў абароне і знаходзіцца на іх тэрыторыі".

"Прадухіленне далейшых парушэнняў правоў чалавека, асабліва ў месцах утрымання пад вартай, — яшчэ адзін важны захад, які варта распачаць неадкладна, — заявіла Міятавіч. — Грамадзянская супольнасць можа сыграць ключавую ролю, у прыватнасці, шляхам забеспячэння незалежнага маніторынгу цэнтраў утрымання пад вартай і аказання юрыдычнай дапамогі затрыманым. Я з вялікай трывогай даведалася, што адвакаты і праваабаронцы сутыкаюцца з перашкодамі пры доступе да пазбаўленых свабоды асоб і што ўлады неаднаразова адмаўляліся даць інфармацыю пра затрыманых".

Міятавіч заклікала дзяржавы — члены Савета Еўропы і далей праяўляць салідарнасць з грамадзянскай супольнасцю, журналістамі і праваабаронцамі ў Беларусі ў іх намаганнях па маніторынгу і асвятленні бягучай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Яна таксама заклікала Беларусь як мага хутчэй далучыцца да Еўрапейскай канвенцыі па папярэджанні катаванняў.

"Беларускія ўлады нясуць асноўную адказнасць за спыненне сур`ёзных парушэнняў правоў чалавека, якія здзяйсняюцца на тэрыторыі краіны, і выдачу кампенсацыі ўсім пацярпелым, — заявіла камісар СЕ. — У той жа час міжнародная супольнасць, у тым ліку Савет Еўропы, можа адыграць важную ролю, аб`яднаўшы свае намаганні для таго, каб гэтыя парушэнні былі спыненыя і не засталіся беспакаранымі. Я вітаю ўсе захады, прынятыя ў апошні час у гэтым кірунку на еўрапейскім і міжнародным узроўні, у прыватнасці запуск Маскоўскага механізму АБСЕ для Беларусі".

"Як камісар Савета Еўропы па правах чалавека я хачу заявіць аб сваёй падтрымцы ўсіх адважных праваабаронцаў, журналістаў і грамадзян Беларусі ў гэты няпросты час. Я гатовая прапанаваць свой досвед і супрацоўнічаць з еўрапейскімі і міжнароднымі арганізацыямі для эфектыўнай абароны нашых агульных каштоўнасцяў у галіне правоў чалавека ва ўсёй Еўропе, уключаючы Беларусь", — сказала Міятавіч.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239