Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/23/eu_1061088_1061089/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 18:04
23.09.2020 15:03 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Чатыры краіны ЕС ужо заявілі аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі

Мінск, 23 верасня. Германія, Літва, Славакія і Эстонія заявілі аб тым, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі, нягледзячы на цырымонію яго інаўгурацыі, якая адбылася 23 верасня.

"Літва не прызнае Лукашэнку законным кіраўніком Беларусі, — сказаў літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа ў каментары балтыйскаму інфармагенцтву BNS. — Выбары ў Беларусі, якія адбыліся 9 жніўня, не былі свабоднымі, сумленнымі і дэмакратычнымі. Ні таемныя, ні пампезныя цырымоніі не абвергнуць гэтага бясспрэчнага факта і не створаць ілюзію легітымнасці". "Мы выказваемся за новыя дэмакратычныя выбары прэзідэнта з удзелам міжнародных назіральнікаў", — падкрэсліў Наўседа.

Аналагічную заяву зрабіў афіцыйны прадстаўнік урада ФРГ Штэфен Зайберт. Як паведамляе Deutsche Welle, ён нагадаў, што Берлін не лічыць выбары, якія прайшлі 9 жніўня, свабоднымі і дэмакратычнымі. Неабходна неадкладна спыніць гвалт сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў, вызваліць палітычных зняволеных і пачаць нацыянальны дыялог з апазіцыяй, дадаў Зайберт.

Аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі таксама заявілі кіраўнікі МЗС Эстоніі і Славакіі. "Сённяшняя нелегітымная інаўгурацыя Лукашэнкі супярэчыць усім прынцыпам дэмакратыі. Лукашэнка відавочна пазбавіўся свайго мандата. Мы заклікаем да свабодных і справядлівых выбараў, каб народ Беларусі абраў прэзідэнта, якога заслугоўвае", — напісаў у "Твітэры" міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Пает.

Яго славацкі калега Іван Корчак, таксама ў "Твітэры", адзначыў, што Лукашэнка "не мае легітымнасці кіраваць сваёй краінай", "ён нясе адказнасць за выбары ў Беларусі, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі". "Славакія падтрымлівае грамадзян Беларусі", — дадаў кіраўнік славацкага МЗС.

Цырымонія інаўгурацыі Лукашэнкі прайшла 23 верасня ў Палацы Незалежнасці ў абстаноўцы сакрэтнасці. Пра яе стала вядома з паведамлення дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, якое пазней прадублявала прэс-служба Лукашэнкі. "На цырымонію інаўгурацыі запрошана некалькі сотняў чалавек, — гаварылася ў паведамленні. — У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту".

З 9 жніўня, дня прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі не спыняюцца масавыя пратэсты грамадзян, якія не прызнаюць афіцыйныя вынікі мінулай выбарчай кампаніі. Паводле дадзеных ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў. Яўка на выбарах склала 84,28%.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239