Краіны ЕС заяўляюць аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі (абнаўляецца)

"Літва не прызнае Лукашэнку законным кіраўніком Беларусі, — сказаў літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа ў каментары балтыйскаму інфармагенцтву BNS. — Выбары ў Беларусі, якія адбыліся 9 жніўня, не былі свабоднымі, сумленнымі і дэмакратычнымі. Ні таемныя, ні пампезныя цырымоніі не абвергнуць гэтага бясспрэчнага факта і не створаць ілюзію легітымнасці". "Мы выказваемся за новыя дэмакратычныя выбары прэзідэнта з удзелам міжнародных назіральнікаў", — падкрэсліў Наўседа.
Афіцыйны прадстаўнік урада ФРГ Штэфен Зайберт нагадаў, што Берлін не лічыць выбары, якія прайшлі 9 жніўня, свабоднымі і дэмакратычнымі, паведамляе Deutsche Welle. Неабходна неадкладна спыніць гвалт сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў, вызваліць палітычных зняволеных і пачаць нацыянальны дыялог з апазіцыяй, дадаў Зайберт.
"Сённяшняя нелегітымная інаўгурацыя Лукашэнкі супярэчыць усім прынцыпам дэмакратыі. Лукашэнка відавочна пазбавіўся свайго мандата. Мы заклікаем да свабодных і справядлівых выбараў, каб народ Беларусі абраў прэзідэнта, якога заслугоўвае", — напісаў у "Твітэры" міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Пает.
Яго славацкі калега Іван Корчак, таксама ў "Твітэры", адзначыў, што Лукашэнка "не мае легітымнасці кіраваць сваёй краінай", "ён нясе адказнасць за выбары ў Беларусі, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі". "Славакія падтрымлівае грамадзян Беларусі", — дадаў кіраўнік славацкага МЗС.
"Тайная "інаўгурацыя "Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі не ўзаконьвае фальсіфікацыю выбараў і яго статус кіраўніка дзяржавы", — напісаў на сваёй старонцы ў "Фэйбуску" міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Ён выказаў шкадаванне, што "голас беларускага народа і міжнароднай супольнасці не прымаецца пад увагу". "Толькі сапраўдны палітычны працэс можа пакласці канец палітычнаму крызісу ў Беларусі", — адзначыў Рынкевічс.
Кіраўнік МЗС Чэхіі Томаш Петржычак заявіў, што яго краіна таксама не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам. "Выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі, — напісаў ён у "Твітэры". — Такім чынам, іх вынік нелегітымны, таму сённяшняя інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі таксама нелегітымная". Петржычак адзначыў, што Чэхія цалкам падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць. "Беларусы заслугоўваюць свабоды", — падкрэсліў ён.
Міністр замежных спраў Даніі Епе Кофад адзначыў, што Беларусі патрэбныя свабодныя і сумленныя выбары і дэмакратычна абраны прэзідэнт. "Лукашэнка пацвердзіў сваю нелегітымнасць, наладзіўшы тайную інаўгурацыю, — напісаў Кофад у "Твітэры". — Фальсіфікаваныя выбары павінны прывесці Лукашэнку не ў прэзідэнцкі палац, а ў санкцыйны спіс ЕС".