Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/23/ru_1061036_258741/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2021 16:16
23.09.2020 11:45 Грамадства, Палітыка

Вобшук у галоўрэда "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча і журналісткі tut.by Адар`і Гуштын праводзіцца ў межах крымінальнай справы аб паклёпе

Мінск, 23 верасня. Вобшук у кватэры галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча і яго жонкі, журналісткі tut.by Адар`і Гуштын, праводзіцца ў межах справы на падставе артыкула 188 КК (паклёп), паведаміла Гуштын у "Фэйсбуку".

Пацярпелы, паводле яе слоў, — намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў, справа распачатая "за артыкул, дзе дыджэй кажа, што той яго біў на Акрэсціна". "У Ягора Марціновіча няма ніякага статусу пакуль", — напісала журналістка.

Згодна са словамі Гуштын, як толькі скончыцца вобшук, мужа павязуць на допыт у цэнтральны апарат Следчага камітэта. Вобшук праводзіць упраўленне ўласнай бяспекі МУС. "Ягор даваў ім раней тлумачэнні па сітуацыі з артыкулам пра Барсукова, сёння яны яго выклікалі на азнаямленне з экспертызай, але не далі нават даехаць да іх. У Ягора ёсць адвакат, мы дамагліся, каб ён быў на ператрусе, на допыт ён таксама паедзе", — адзначыла яна.

17 жніўня "Наша Ніва" апублікавала інтэрв`ю з адным з дыджэяў, якія ўключылі 6 жніўня падчас афіцыйнага мерапрыемства ў Кіеўскім скверы Мінска песню Віктара Цоя "Перамен". Дыджэй Улад Сакалоўскі расказаў журналістам, што ў ізалятары на Акрэсціна яго збіваў намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў. У артыкуле адзначалася, на трэці дзень адбыцця арышту ў карцар, дзе сядзеў Сакалоўскі, прыйшоў нейкі начальнік і ўдарыў яго два разы. "Пасля выхаду Улад Сакалоўскі пазнаў у гэтым начальніку Аляксандра Барсукова, намесніка Караева. Барсукоў прыязджаў пад Акрэсціна ў ноч на 14 жніўня, запэўніваў людзей, што ў камерах нікога не б`юць і не катуюць", — пісала "Наша Ніва".

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239