Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні журналістаў у Мінску, Віцебску і Магілёве
Мінск, 23 верасня. 23 верасня ў шэрагу гарадоў Беларусі затрыманыя некалькі чалавек, у тым ліку журналісты, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
У Мінску ля Палаца Незалежнасці, дзе сёння ва ўмовах сакрэтнасці прайшла інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, затрыманыя журналіст расійскага агенцтва ТАСС Арцём Папоў і жыхарка сталіцы Таццяна Джавадава. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, жанчына трымала плакат "Саша, забяры працоўную (кніжку)!".
Раніцай у Магілёве супрацоўнікі міліцыі затрымалі галоўнага рэдактара сайта 6tv.by Дзмітрыя Салаўёва. Прычына затрымання пакуль невядомая.
У Віцебску падчас правядзення вулічнага відэаапытання жыхароў горада затрымалі журналіста Віталя Скрыля. Супрацоўнік аддзела міліцыі Кастрычніцкага раёна Віцебска паведаміў Скрылю, што яго шукае міліцыя. Высветлілася, што ў дачыненні да журналіста адкрытыя тры адміністрацыйныя справы. У Віцебскім раённым аддзеле міліцыі, куды даставілі журналіста, паведамілі, што яго абвінавачваюць на падставе артыкула 23.34 КоАП за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях у Віцебску 6, 13 і 20 верасня.
Акрамя таго, паведамляюць праваабаронцы, віцебская міліцыя шукае незалежных журналістаў Алену Сцяпанаву і Вячаслава Лазарава. У сувязі з якімі абвінавачаннямі, пакуль невядома.