Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/24/eu_1061227_1061228/
Дата раздрукоўкі: 21.01.2021 17:56
24.09.2020 09:44 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Барэль: "Інаўгурацыя" Лукашэнкі наўпрост супярэчыць волі значнай часткі грамадзян Беларусі

Мінск, 24 верасня. "Так званая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі і новы прэзідэнцкі тэрмін, на які ён прэтэндуе, не маюць якой-небудзь дэмакратычнай легітымнасці", — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

"Гэтая "інаўгурацыя" наўпрост супярэчыць волі значнай часткі грамадзян Беларусі, што выяўляецца ў шматлікіх, беспрэцэдэнтных і мірных пратэстах пасля выбараў, і служыць толькі далейшаму паглыбленню палітычнага крызісу ў Беларусі, — гаворыцца ў заяве Барэля, тэкст якой распаўсюдзіла прэс-служба Савета ЕС. — Пазіцыя Еўрасаюза ясная: грамадзяне Беларусі заслугоўваюць права быць прадстаўленымі тымі, каго яны свабодна абяруць на новых празрыстых выбарах, якія заслугоўваюць даверу".

Барэль таксама дадаў: "Мы ўражаныя і кранутыя мужнасцю беларускага народа, які працягвае мірныя дэманстрацыі за дэмакратыю і свае асноўныя правы, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. Мы салідарныя з ім і цалкам падтрымліваем яго дэмакратычнае права абіраць свайго прэзідэнта з дапамогай новых свабодных і справядлівых выбараў пад назіраннем БДІПЧ АБСЕ".

Ён зноў заявіў, што ЕС чакае ад беларускіх уладаў неадкладнага спынення любых рэпрэсій і гвалту ў дачыненні да беларускіх грамадзян, а таксама неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых удзельнікаў пратэстаў і палітычных зняволеных.

"ЕС па-ранейшаму перакананы ў тым, што інклюзіўны нацыянальны дыялог і станоўчы адказ на патрабаванні беларускага народа аб правядзенні новых дэмакратычных выбараў — адзіны шлях для выхаду з сур'ёзнага палітычнага крызісу ў Беларусі з улікам патрабаванняў беларускага народа", — сказаў Барэль.

Цырымонія інаўгурацыі Лукашэнкі прайшла 23 верасня ў Мінску ў Палацы Незалежнасці ў абстаноўцы сакрэтнасці. Пра яе стала вядома з паведамлення дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, якое пазней прадублявала прэс-служба Лукашэнкі.

Аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі ўжо заявілі Германія, Данія, Латвія, Літва, Славакія, Чэхія, Эстонія, Украіна і ЗША.

З 9 жніўня, дня прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі не спыняюцца масавыя пратэсты грамадзян, якія не прызнаюць афіцыйныя вынікі мінулай выбарчай кампаніі. Паводле звестак ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў, яўка на выбарах склала 84,28%.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239