Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/24/ru_1061254_225583/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2021 02:18
24.09.2020 13:02 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Ніякай таямніцы ў інаўгурацыі не было

Мінск, 24 верасня. "Ніякай таямніцы" ў правядзенні напярэдадні інаўгурацыі не было. "Я не надаю ёй нейкага вялікага значэння", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 верасня ў Мінску на сустрэчы з паслом Кітая Цуй Цымінам.

Відэафрагмент сустрэчы апублікаваў тэлеграм-канал "Пул Першага".

Лукашэнка папрасіў дыпламата перадаць старшыні КНР Сі Цзіньпіну "самыя добрыя словы падзякі за тую падтрымку, якую ён аказваў заўсёды і асабліва апошнім часам".

"Перадайце яму, што ў Беларусі ў яго надзейныя сябры, што Беларусь заўсёды будзе сяброўскай краінай для Кітайскай Народнай Рэспублікі, — сказаў Лукашэнка. — Раскажыце яму пра тую неканструктыўную пазіцыю, якую займаюць асобныя дзяржавы ў дачыненні да Беларусі, асабліва (што дзіўна) суседзі. Вы ведаеце, якую пазіцыю занялі".

Паводле яго слоў, "нават па ўчарашняй інаўгурацыі нейкая не тое крыўда, не тое прэтэнзіі", што ўлады "не паведамілі палякам, літоўцам, украінцам, чэхам ці яшчэ камусьці" аб правядзенні інаўгурацыі. Лукашэнка заявіў, што паводле закона ўлады "не павінны з заходніх дзяржаў наогул кагосьці папярэджваць", таму што гэта "ўнутраная справа краіны".

"Крытыка толькі адна: не тое таямніца, не тое таемства, — сказаў ён. — Ну а наогул вы паглядзіце іх тэлеграм-каналы напярэдадні — яны паведамлялі аб тым, што 23-га будзе інаўгурацыя, яны ж пра гэта пісалі. Таму вось хоць да нечага трэба прычапіцца. Ну а што да ўчарашняга мерапрыемства, то вы, напэўна, не маглі не заўважыць, што наогул картэж прэзідэнта нетрадыцыйна рухаўся па ўсім горадзе, людзі гэта бачылі. Таму ніякай таямніцы няма".

"І я не надаю інаўгурацыі цяперашняга прэзідэнта (гэта не першая мая інаўгурацыя) нейкага такога вялікага фантомнага значэння. Звычайная рабочая сітуацыя. Але чаму яны гэта робяць? Яны гэта робяць для таго, каб падагрэць пратэстны так званы настрой, каб больш вываліла на вуліцу — як звычайна ў суботу, нядзелю — людзей. Вось для чаго ім гэта трэба. Мы гэта разумеем і да гэтага гатовыя", — заявіў Лукашэнка.

Цырымонія інаўгурацыі Лукашэнкі прайшла 23 верасня ў Палацы Незалежнасці ва ўмовах сакрэтнасці. Пра яе стала вядома з паведамлення дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, якое пазней прадублявала прэс-служба Лукашэнкі. "На цырымонію інаўгурацыі запрошана некалькі сотняў чалавек, — гаварылася ў паведамленні. — У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту".

У той жа дзень высокія прадстаўнікі шэрагу краін заявілі аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі, нягледзячы на яго інаўгурацыю. З такімі заявамі выступілі Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Канада, Латвія, Літва, Нідэрланды, Польшча, Славакія, Украіна, Чэхія і Эстонія.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў, што "так званая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі і новы прэзідэнцкі тэрмін, на які ён прэтэндуе, не маюць якой-небудзь дэмакратычнай легітымнасці".

З 9 жніўня, дня прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі не спыняюцца масавыя пратэсты грамадзян, якія не прызнаюць афіцыйныя вынікі мінулай выбарчай кампаніі. Згодна са звесткамі ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў. Яўка на выбарах склала 84,28%.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239