Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/24/ru_1061269_690021/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 17:28
24.09.2020 13:47 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Ніякай таямніцы ў інаўгурацыі не было (дапоўнена)

Мінск, 24 верасня. "Ніякай таямніцы" ў правядзенні напярэдадні інаўгурацыі не было. "Я не надаю ёй нейкага вялікага значэння", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 верасня ў Мінску на сустрэчы з паслом Кітая Цуй Цымінам.

Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба, папрасіў дыпламата перадаць старшыні КНР Сі Цзіньпіну "самыя добрыя словы падзякі за тую падтрымку, якую ён аказваў заўсёды і асабліва апошнім часам".

"Ён першым павіншаваў мяне з перамогай на выбарах, ды і ўсе найбуйнейшыя дзяржавы нашай планеты, — сказаў Лукашэнка. — За выключэннем, вядома, асаблівасцяў Захаду. Захад заўсёды ў нас быў з асаблівасцямі. Мы да гэтага ўжо прывыклі. Перадайце яму, што ў Беларусі ў яго надзейныя сябры, што Беларусь заўсёды будзе сяброўскай краінай для Кітайскай Народнай Рэспублікі".

"Раскажыце яму пра тую неканструктыўную пазіцыю, якую займаюць асобныя дзяржавы ў дачыненні да Беларусі, асабліва, што дзіўна, суседзі. Суседзі ад Бога, іх не выбіраюць, і мы асуджаныя жыць разам, сябраваць. Але выяўляецца, што не заўсёды так. Суседнія дзяржавы, асабліва Польшча, вы ведаеце, якую пазіцыю занялі", — дадаў ён.

"Нават па ўчарашняй інаўгурацыі нейкая не тое крыўда, не тое прэтэнзіі", што ўлады "не паведамілі палякам, літоўцам, украінцам, чэхам ці яшчэ камусьці" аб правядзенні інаўгурацыі, заўважыў Лукашэнка. Паводле яго слоў, згодна з законам улады "не павінны з заходніх дзяржаў наогул кагосьці папярэджваць", бо гэта "ўнутраная справа краіны".

"Крытыка толькі адна: не тое таямніца, не тое таемнасць, — сказаў Лукашэнка. — Ведаеце, на інаўгурацыю былі запрошаныя прыблізна дзве тысячы чалавек разам з вайскоўцамі. І ў таямніцы гэта захаваць практычна немагчыма. Але калі яны пра гэта не ведалі, дык а дзе ж іх разведка, дзе ж цэрэушнікі, нямецкая разведка? Палякі тут пешшу ходзяць тысячамі. Яны куды глядзелі? Таму няхай у разведчыкаў сваіх спытаюць, чаго ж яны ім не далажылі. А наогул, вы паглядзіце іх тэлеграм-каналы. Напярэдадні яны паведамлялі аб тым, што 23-га будзе інаўгурацыя, яны ж пра гэта пісалі. Таму ну вось хоць да нечага, але трэба прычапіцца".

"Ну а што да ўчарашняга мерапрыемства, то вы, напэўна, не маглі не заўважыць, што картэж прэзідэнта нетрадыцыйна рухаўся па ўсім горадзе, — дадаў ён. — Мы як адчувалі, што нас могуць папракнуць у нейкай канспіралогіі. Мы праехалі па ўсім горадзе, людзі гэта бачылі. Таму ніякай таямніцы няма. І я не надаю інаўгурацыі цяперашняга прэзідэнта (гэта не першая мая інаўгурацыя) нейкага такога вялікага фантомнага значэння. Звычайная рабочая сітуацыя. Але чаму яны гэта робяць? Яны гэта робяць для таго, каб падагрэць пратэстны так званы настрой. Каб больш вываліла на вуліцу людзей — як звычайна ў суботу—нядзелю. Вось для чаго ім гэта трэба. Мы гэта разумеем і да гэтага гатовыя".

Паводле слоў Лукашэнкі, уваходжанне на пасаду прэзідэнта "можа крытыкавацца, толькі калі гэтае мерапрыемства не праведзенае згодна з законам". У Беларусі "ўсе заканадаўчыя нормы былі выкананыя", сцвярджае ён.

"Каму трэба было ведаць пра гэта, яны ведалі, — падкрэсліў Лукашэнка. — Таму што і трэніроўкі, і падрыхтоўка — гэта ж пэўны час займае. А тое, што мы ўмеем праводзіць мерапрыемствы, дык трэба гэта адзначыць, што беларусы ўмеюць праводзіць мерапрыемствы. Наступным разам мы будзем імкнуцца нашых суседзяў папярэдзіць, я маю на ўвазе палякаў і літоўцаў, пра нейкія буйныя мерапрыемствы".

Ён растлумачыў, што на гэтым прыкладзе хацеў "прадэманстраваць стаўленне заходніх краін да суверэнітэту і незалежнасці Беларусі". "Крычаць аб тым, што яны нешта не прызнаюць у нас. Вы ведаеце, мы нікога і не прасілі прызнаваць ці не прызнаваць нашы выбары, прызнаваць легітымнасць зноў абранага прэзідэнта ці не прызнаваць. Галоўнае, каб гэта адпавядала Канстытуцыі нашай краіны. І калі яны бачаць неадпаведнасці, лепш пра гэта хай скажуць", — заявіў Лукашэнка.

Цырымонія інаўгурацыі Лукашэнкі прайшла 23 верасня ў Палацы Незалежнасці і стала нечаканай для абсалютнай большасці грамадзян Беларусі. Пра яе стала вядома з паведамлення дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, якое пазней прадублявала прэс-служба Лукашэнкі. "На цырымонію інаўгурацыі запрошана некалькі сотняў чалавек, — гаварылася ў паведамленні. — У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту".

У той жа дзень высокія прадстаўнікі шэрагу краін заявілі аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі, нягледзячы на яго інаўгурацыю. З такімі заявамі выступілі Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Канада, Латвія, Літва, Нідэрланды, Польшча, Славакія, Украіна, Чэхія і Эстонія.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў, што "так званая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі і новы прэзідэнцкі тэрмін, на які ён прэтэндуе, не маюць якой-небудзь дэмакратычнай легітымнасці".

З 9 жніўня, дня прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі не спыняюцца масавыя пратэсты грамадзян, якія не прызнаюць афіцыйныя вынікі мінулай выбарчай кампаніі. Згодна са звесткамі ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў. Яўка на выбарах склала 84,28%.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239