Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/25/eu_1061442_220011/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 01:46
25.09.2020 16:17 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Літва, Латвія і Эстонія ўвялі санкцыі ў дачыненні да яшчэ 101 службовай асобы Беларусі (дапоўнена)

Мінск, 25 верасня. Літва, Латвія і Эстонія 25 верасня ўвялі санкцыі ў дачыненні да яшчэ 101 службовай асобы Беларусі, паведамляе прэс-служба латвійскага Міністэрства замежных спраў.

"Беларускія ўлады не змянілі свайго стаўлення да мірных пратэстаў. Працягваюцца рэпрэсіі ўдзельнікаў дэманстрацый, непрапарцыйна ўжываецца сіла, узмацняецца блакаванне сайтаў незалежных СМІ, распачынаюцца крымінальныя справы", — гаворыцца ў паведамленні.

У апублікаваным спісе, у прыватнасці, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант і яе муж, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, генпракурор Андрэй Швед, камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба, намеснік генпракурора Аляксей Стук, старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, кіраўнік Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, першы віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак.

У спіс таксама ўвайшлі першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Ігар Бурмістраў, намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Хазалбек Атабекаў, начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей, памочнік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС па фінансавым забеспячэнні Андрэй Загорскі, намеснік начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС Уладзіслаў Мандрык і іншыя прадстаўнікі МУС.

Пад санкцыі трапілі суддзі Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, члены Цэнтрвыбаркама.

31 жніўня Літва, Латвія і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю 30 беларускім службовым асобам. У санкцыйны спіс акрамя Аляксандра Лукашэнкі былі ўключаныя: памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і яго намеснікі Максім Рыжанкоў, Вольга Чупрыс і Дзмітрый Крутой, намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта Генадзь Богдан, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і члены ЦВК Вадзім Іпатаў, Алена Дмухайла, Святлана Кацуба, Ігар Плышэўскі, Алег Сліжэўскі, Ірына Цалікавец, кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык (3 верасня прызначаны дзяржсакратаром Савета бяспекі), кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель (3 верасня прызначаны кіраўніком КДБ), старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Аляксей Волкаў, Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, генеральны пракурор Аляксандр Канюк (9 верасня адпраўлены ў адстаўку), кіраўнік МУС Юрый Караеў і яго намеснікі Генадзь Казакевіч, Аляксандр Барсукоў, Сяргей Хаменка і Юрый Назаранка, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў, намеснік начальніка дэпартамента аховы МУС — начальнік упраўлення ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння Алег Шаблыка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў (3 верасня адпраўлены ў адстаўку, адкамандзіраваны ў Мінабароны).

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239