Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/25/ru_1061356_123/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 10:08
25.09.2020 11:14 Эканоміка, Палітыка

Эксперты бачаць рызыкі адтоку замежнага капіталу з Беларусі

Мінск, 25 верасня. Беларусь можа страціць доступ да знешняга рынку капіталу і сутыкнуцца з адтокам замежнага капіталу з краіны, гаворыцца ў матэрыялах, якія падрыхтавалі эксперты Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.

"Непрызнанне вынікаў выбараў цэлым шэрагам заходніх краін фактычна робіць немагчымым рэфінансаванне знешняга доўгу шляхам размяшчэння каштоўных папер на заходніх фінансавых рынках. Пазыковыя інвестары сёння задумваюцца хутчэй пра адкліканне размешчаных сродкаў, чым пра выдзяленне новых пазык", — адзначаюць эксперты РСПП.

Яны падкрэсліваюць, што толькі рызыкі па датэрміновым адкліканні прыцягнутых Банкам развіцця на міжнародных фінансавых рынках сродкаў ацэньваюцца больш чым у 950 млн долараў.

"Адмова МВФ у выдзяленні (Беларусі) крэдытнай лініі на 940 млн долараў ЗША з`яўляецца адным з негатыўных сігналаў для пазыковага рынку, прычым новыя перамовы з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі ў цяперашняй палітычнай сітуацыі наўрад ці могуць апынуцца прадуктыўнымі", — лічаць эксперты.

Таксама, мяркуюць яны, з прычыны непрызнання краінамі Захаду вынікаў выбараў "можа ўзмацніцца дыскрымінацыя ў доступе беларускіх тавараў на рынак гэтых краін, прычым не толькі праз патэнцыйна магчымае ўвядзенне санкцый, але і з прычыны адмовы контрагентаў супрацоўнічаць з беларускімі кампаніямі, у тым ліку з прычыны палітычных рызык".

Вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць у эканоміцы на фоне цяперашняга крызісу за кошт бюджэту, не ўдасца, лічаць эксперты. "Стан бюджэту ва ўмовах крызісных з`яў не дазволіць захаваць не толькі цяперашні ўзровень інвестыцый за кошт дзяржаўных рэсурсаў, але і фінансаванне сацыяльных расходаў у ранейшых параметрах", — мяркуюць эксперты РСПП.

На іх думку, для вырашэння эканамічных праблем, якія ўзніклі пасля выбараў, неабходна "неадкладнае фарміраванне ўнутрыбеларускай дыялогавай пляцоўкі" з удзелам прадстаўнікоў дзяржавы і ўсіх слаёў грамадзянскай супольнасці.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239