Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/25/ru_1061360_123/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 02:50
25.09.2020 11:38 Грамадства

Галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч, затрыманы ў межах крымінальнай справы, выкліканы ў суд на 28 верасня па адміністрацыйным працэсе

Мінск, 25 верасня. Галоўнаму рэдактару "Нашай Нівы" Ягору Марціновічу, які затрыманы ў межах крымінальнай справы аб паклёпе, прыйшла позва ў суд па адміністрацыйным працэсе, паведаміла ў "Фэйсбуку" яго жонка, карэспандэнт tut.by Адар'я Гуштын.

Марціновіч павінен з'явіцца ў суд Заводскага раёна Мінска ў 10.00 28 верасня. "У павестцы адзначана, што ў адносінах да Ягора вядзецца адміністрацыйны працэс — за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Гэта можа быць справа па факце ягонага затрымання 11 жніўня, калі спецназаўцы выцягнулі яго з машыны, закінулі ў аўтазак, збілі, ноч трымалі на зямлі каля Заводскага РАУС, а пасля закінулі ў жодзінскую турму", — мяркуе Гуштын.

Яна адзначыла, што тады Марціновіч прабыў у Жодзіне двое з паловай сутак. Затым яго прывезлі на машыне ў Мінск, проста да будынка МУС, дзе ў прысутнасці прэс-сакратара міністэрства Вольгі Чамаданавай "перадалі ёй і калегам".

"Гэтая сітуацыя пасля абмяркоўвалася на сустрэчы рэдактараў з прадстаўнікамі МУС і Міністэрства інфармацыі, — піша Гуштын. — Вольга Чамаданава публічна заяўляла, што яны разбяруцца, хто і чаму выцягнуў журналіста з машыны, збіваў і трымаў на зямлі. Пра вынікі "разбору" нічога не вядома".

Як адзначае Гуштын, затрымаць Марціновіча ў адміністрацыйным парадку яшчэ раз па гэтай справе нельга, таму што ён ужо адседзеў 2,5 сутак: "Нават калі тады не аформілі пратакол затрымання, то ён быў зарэгістраваны ў Жодзіне. Яго адзін раз пакармілі, усе 27 сукамернікаў добра яго запомнілі".

Жонка Марціновіча нагадала, што МУС даваў шматлікія каментары пра яго затрыманне пад запіс. "Зрабіць выгляд, што нічога гэтага не было, немагчыма", — піша яна.

Гуштын таксама нагадала пра словы міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які 13 жніўня ў эфіры тэлеканала ОНТ заявіў, што выступае супраць любога гвалту над журналістамі — усё роўна, які сродак масавай інфармацыі яны прадстаўляюць. "Дзяржаўны або недзяржаўны — гэта людзі, яны на працы. Прэса — гэта святое, чапаць нельга. Таму там, дзе супрацоўнік гэта зрабіў, на тое і камандзір, каб разабрацца", — сказаў Караеў.

Ягор Марціновіч быў затрыманы 23 верасня па крымінальнай справе аб паклёпе. Нагодай стала апублікаванае 17 жніўня на сайце "Нашай Нівы" інтэрв'ю з адным з дыджэяў, які ўключыў 6 жніўня падчас афіцыйнага мерапрыемства ў Кіеўскім скверы Мінска песню Віктара Цоя "Перамен". У інтэрв'ю згадваецца намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў.

Раніцай 23 верасня ў кватэры Марціновіча і Гуштын прайшоў вобшук. Пасля яго завяршэння Марціновіча разам з адвакатам павезлі на допыт у Следчы камітэт. З кватэры забралі ўсю лічбавую тэхніку, тэлефоны, флэшкі, пашпарты, сім-карты. Пазней стала вядома, што журналіста на трое сутак змясцілі ў ІЧУ.

24 верасня Следчы камітэт паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы паводле арт. 188 КК (паклёп), у межах якога Ягор Марціновіч праходзіць у статусе падазраванага.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239