Свабоднае аб'яднанне спартсменаў Беларусі заклікала калег падтрымаць прыхільнікаў перамен
Мінск, 25 верасня. Створаная вядомымі беларускімі спартоўцамі ініцыятыва "Свабоднае аб'яднанне спартсменаў Беларусі" заклікала калег падтрымаць прыхільнікаў перамен. Відэазварот апублікаваны ў "Інстаграме" ініцыятывы.
"Мы — Свабоднае аб'яднанне спартсменаў Беларусі, звычайна мы прадстаўляем краіну на спартыўнай арэне, — кажа на відэа баскетбалістка Алена Леўчанка. — Мы з гонарам стаім у адным шэрагу з лепшымі спартсменамі свету. Цяпер мы адчуваем сябе абавязанымі прадставіць голас беларускага народа. Мы звяртаемся да калег-спартсменаў, заўзятараў і ўсіх людзей на планеце".
"Дзяржаўныя органы штодня і паўсюль парушаюць Канстытуцыю, законы і Алімпійскую хартыю і базавыя правы чалавека", — працягнуў валейбаліст Артур Удрыс.
"Людзей запалохваюць, затрымліваюць, рэпрэсуюць і катуюць, — дадала фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская. — Маштаб жорсткасці проста неймаверны. Чытанне навін параўнальнае з эмацыйным згвалтаваннем".
"Калі ласка, станьце на наш бок у гэтай вайне паміж дабром і злом. Будзьце сумленнымі, смелымі — словам і справай. Будзьце героямі, такімі ж, як тысячы беларусаў. Дзейнічайце на карысць усяго чалавецтва", — завяршыў зварот баскетбаліст Ягор Мешчаракоў.
Пра стварэнне Свабоднага аб'яднання спартсменаў Беларусі было абвешчана ў пачатку верасня. На той момант у яго склад увайшлі алімпійская прызёрка плыўчыха Аляксандра Герасіменя, алімпійская прызёрка штурхальніца ядра Надзея Астапчук, капітан нацыянальнай каманды па баскетболе Кацярына Сныціна і баскетбалістка Алена Леўчанка, баскетбалісты Мікіта і Ягор Мешчараковы, самбіст Сцяпан Папоў, валейбаліст Артур Удрыс, заснавальнік гандбольнага клуба "Віцязь" Аляксандр Апейкін і галоўны трэнер "Віцязя" Канстанцін Якаўлеў.