Жаночы марш праходзіць калонай у цэнтры Мінска, нягледзячы на перыядычныя затрыманні
Мінск, 26 верасня. Жаночы марш праходзіць 26 верасня ў цэнтры Мінска, нягледзячы на перыядычныя затрыманні яго ўдзельніц сілавікамі.
Каля 14.45 калона жаночага маршу колькасцю прыкладна 300 чалавек рушыла ад сквера каля Камароўскага рынку да праспекта Незалежнасці. Жанчыны перыядычна скандавалі "Жыве Беларусь!" і "Далучайся!".
Перад пачаткам шэсця былі затрыманыя некалькі ўдзельніц акцыі. Акрамя таго, міліцыя затрымала пажылога мужчыну і 73-гадовую актывістку Ніну Багінскую.
У момант праходжання шэсця каля гандлёвага цэнтра "Імпульс" каля калоны спыніліся шэсць мікрааўтобусаў. З іх выбеглі сілавікі ў зялёнай форме і балаклавах і затрымалі яшчэ некалькі ўдзельніц, а таксама аднаго хлопца.
Калона спынілася, і ўдзельніцы шэсця пачалі спрэчку з сілавікамі. Праз некаторы час шэсце аднавіла рух і цяпер праходзіць плошчу Якуба Коласа.