Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/26/ru_1061552_123/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 02:39
26.09.2020 17:36 Палітыка, Грамадства

Жаночы марш у Мінску зноў завяршыўся затрыманнямі

Мінск, 26 верасня. Каля дзвюх гадзін працягваўся ў Мінску традыцыйны суботні жаночы марш.

Першапачаткова жанчын запрашалі прыйсці да плошчы Перамогі на "рэпетыцыю інаўгурацыі Святланы Ціханоўскай", затым месца збору перанеслі да Камароўскага рынку, адкуль пачыналіся папярэднія акцыі.

Каля 14.45 калона колькасцю прыкладна 300 чалавек рушыла ад сквера каля Камароўскага рынку да праспекта Незалежнасці. Жанчыны перыядычна скандавалі "Жыве Беларусь!" і "Далучайся!".

Перад пачаткам шэсця былі затрыманыя некалькі ўдзельніц акцыі. Акрамя таго, міліцыя затрымала пажылога мужчыну і 73-гадовую актывістку Ніну Багінскую. Яе пасля выпусцілі на вуліцы Казлова.

У момант праходжання шэсця каля гандлёвага цэнтра "Імпульс" каля калоны спыніліся шэсць мікрааўтобусаў. З іх выбеглі сілавікі ў зялёнай форме і балаклавах і затрымалі яшчэ некалькі ўдзельніц, а таксама аднаго хлопца.

Калона спынілася, і ўдзельніцы шэсця пачалі спрэчку з сілавікамі. Праз некаторы час прысутныя аднавілі рух. Да рэстарана "Лідо" на плошчы Якуба Коласа зноў пад`ехалі сілавікі на мікрааўтобусах і затрымалі каля дзясятка чалавек. Многія жанчыны разбегліся. Астатнія ўдзельніцы маршу на час падзяліліся і стаялі з розных бакоў праспекта, затым зноў аб`ядналіся ў калону і працягнулі рух у кірунку плошчы Перамогі.

У момант, калі калона паспрабавала перайсці праезную частку, каля крамы "Электрасіла", сілавікі на мікрааўтобусах зноў паспрабавалі пачаць затрыманні, але ўдзельніцы шэсця, якія паспелі перайсці дарогу, разбегліся. Пазней яны зноў уз`ядналіся і рушылі да плошчы Перамогі дзвюма калонамі па тратуарах з абодвух бакоў праспекта Незалежнасці. Калона колькасцю каля 300 чалавек амаль дайшла да плошчы Перамогі, дзе, убачыўшы сілавікоў, павярнулася і пайшла ў адваротны бок да плошчы Якуба Коласа.

Жанчыны не паспелі дайсці да плошчы: пад`ехала больш за дзясятак аўтобусаў, з іх выйшлі супрацоўнікі міліцыі ў касках і бронекамізэльках, а таксама амапаўцы ў аліўкавай уніформе. Калона рассеялася ў прылеглых дварах. Сілавікі пачалі пераследаваць іх, у прыватнасці, паміж праспектам і вуліцай Чырвонай, за беларускамоўнай гімназіяй № 23. Некалькі чалавек затрымалі.

На супрацьлеглым баку праспекта прыкладна паўтара дзясяткі жанчын сталі ў ланцуг. Каля 16.30 да журналістаў, якія асвятлялі акцыю, падышлі сілавікі і пачалі правяраць дакументы, у тым ліку рэдакцыйныя заданні. Трох карэспандэнтаў затрымалі: Марыю Вайтовіч ("Еўрарадыё"), Кацярыну Карпіцкую ("Наша Ніва") і Аляксандру Эльбаум (tut.by).

Уздоўж праспекта паміж плошчай Якуба Коласа і скрыжаваннем з вуліцай Казлова працягнулася зачыстка. Затрымалі, у прыватнасці, жанчыну, якая сядзела з кветкамі і прасіла адпусціць яе дачку. Каля дома № 46 па праспекце Незалежнасці схапілі хлопца, які ішоў з дзяўчынай.

У 17.05 была адкрытая станцыя метро "Плошча Перамогі", якая не працавала на працягу чатырох гадзін.

У спісе затрыманых, які складаюць праваабаронцы, пакуль 49 прозвішчаў, у тым ліку журналісткі "Белсата" Марыя Грыц і "Еўрарадыё" Юлія Матузава (адпушчаная). Тыдзень таму, паводле звестак МУС, у сталіцы было затрымана 415 чалавек.

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239