У цэнтр Мінска сцягнутая спецтэхніка, шмат сілавікоў і вайскоўцаў
Мінск, 27 верасня. З раніцы 27 верасня ў цэнтр Мінска сцягнутая міліцэйская і ваенная тэхніка.
Плошча Незалежнасці — у металічнай агароджы. Назіраецца вялікая колькасць сілавікоў і вайскоўцаў з аўтаматамі на плошчы Перамогі і каля стэлы "Мінск — горад-герой". Стэла па перыметры абгароджаная калючым дротам. Тут жа, каля гасцініцы "Планета", знаходзіцца камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба.
Праспект Пераможцаў ад вуліцы Арлоўскай у бок стэлы перакрыты.
З раніцы тэлеграм-каналы і карыстальнікі сацсетак паведамлялі аб прэвентыўных затрыманнях у розных месцах горада.
"Па тэхнічных прычынах" не працуюць рэстараны KFC і "Бургер Кінг" на вуліцы Няміга, а таксама "Макдональдс" на Фрунзенскай.
Закрытыя сем станцый метро: "Плошча Леніна", "Кастрычніцкая", "Купалаўская", "Плошча Перамогі", "Плошча Якуба Коласа", "Няміга" і "Фрунзенская". Як паведамляе тэлеграм-канал метрапалітэна, станцыі закрытыя ў 13.15 на ўваход і выхад "у мэтах арганізацыі бяспекі пасажыраў". Цягнікі на гэтых станцыях не спыняюцца.
27 верасня ў Мінску і іншых гарадах Беларусі плануецца традыцыйны нядзельны марш прыхільнікаў перамен. Сёння ён пройдзе пад лозунгам "Народная інаўгурацыя сапраўднага прэзідэнта". Гэта ўжо сёмы нядзельны марш прыхільнікаў перамен пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіванне мірных дэманстрантаў і катаванні над імі.