Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/27/ru_1061680_1061681/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 01:50
27.09.2020 20:16 Палітыка, Грамадства

Марш "Народная інаўгурацыя" прайшоў сёння па ўсёй Беларусі

Мінск, 27 верасня. Марш прыхільнікаў перамен "Народная інаўгурацыя" прайшоў 27 верасня па ўсёй Беларусі. Самай масавай стала дэманстрацыя ў Мінску, якая сабрала дзясяткі тысяч удзельнікаў. Шэсце па цэнтры сталіцы працягвалася больш за чатыры гадзіны.

За некалькі гадзін да пачатку маршу ў цэнтр Мінска была сцягнутая міліцэйская і ваенная спецтэхніка, ачэпленыя цэнтральныя плошчы. У розных раёнах праводзіліся прэвентыўныя затрыманні з мэтай не даць людзям сабрацца, міліцыя папярэджвала аб незаконнасці правядзення акцыі, а таксама аб магчымым ужыванні фізічнай сілы і спецсродкаў у дачыненні да яе ўдзельнікаў.

Нягледзячы на дзеянні сілавікоў, да 15.00 дэманстрантам удалося сабрацца ў шматтысячную калону ў раёне стэлы "Мінск — горад-герой". Яны адправіліся шэсцем па праспектах Пераможцаў і Машэрава, вуліцах Багдановіча і Сурганава. Калона ішла па праезнай частцы. Выйшаўшы на праспект Незалежнасці, дэманстранты накіраваліся ў процілеглы ад цэнтра горада бок, бо паступіла інфармацыя аб вялікай колькасці сілавікоў і спецтэхнікі ў раёне плошчы Перамогі. Па ходзе руху ўдзельнікі маршу скандавалі "Сыходзь!", "Света — наш прэзідэнт!", "Жыве Беларусь!" і іншыя лозунгі.

Калона прайшла па праспекце Незалежнасці ад станцыі метро "Акадэмія навук" да станцыі метро "Уручча", дзе каля 19.00 людзі пачалі разыходзіцца невялікімі групамі. У гэты момант іх сталі затрымліваць.

Марш "Народная інаўгурацыя" прайшоў таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Салігорску (Мінская вобласць), Бабруйску (Магілёўская вобласць), Жодзіне (Мінская вобласць), Лідзе (Гродзенская вобласць), Кобрыне (Брэсцкая вобласць), Баранавічах (Брэсцкая вобласць), Ваўкавыску (Гродзенская вобласць), Жабінцы (Брэсцкая вобласць). У Гомелі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў сілавікі ўжылі газ і стралялі ў паветра.

Праваабарончы сайт spring96.org публікуе спіс затрыманых сёння па ўсёй краіне падчас маршу і прэвентыўна. Па стане на 19.45 у гэтым спісе было 122 прозвішчы.

Гэта быў ужо сёмы нядзельны марш прыхільнікаў перамен пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіванне мірных дэманстрантаў і катаванні над імі.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239