Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/28/ru_1061800_547788/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 03:44
28.09.2020 18:09 Палітыка, Грамадства

Максім Знак выходзіць з галадоўкі

Мінск, 28 верасня. Член прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Максім Знак выходзіць з галадоўкі, паведаміў БелаПАН адзін з яго адвакатаў Дзмітрый Лаеўскі.

Паводле яго слоў, 28 верасня абаронцы першы раз пасля выхадных наведалі Знака ў ізалятары. "Яшчэ да выхадных ён адчуў велізарную хвалю падтрымкі, пачынаючы з таго, як падтрымалі калегі-адвакаты, падаўшы дзясяткі хадайніцтваў аб асабістым паручыцельстве і прыйшоўшы ў суды абедзвюх інстанцый, і заканчваючы вялікай колькасцю каментараў, зваротаў і лістоў людзей, у тым ліку раней асабіста незнаёмых з Максімам. Такая колькасць добрых слоў уражвае. Яго мужны ўчынак заўважылі, гэта зробіць унёсак у зацвярджэнне значнасці права ў грамадстве", — лічыць Лаеўскі.

Ён паведаміў, што на выхадных Знак пачаў падрыхтоўку да выхаду з галадоўкі. Сёння ў СІЗА прынятая медыцынская перадача са сродкамі падтрымання — зараз ён паступова аднаўляе прыём ежы.

"Падрабязнасці ён раскажа сам, калі будзе вызвалены. Мы спадзяемся, што гэта адбудзецца хутка. Ён выказвае ўсім велізарную падзяку і пацвярджае рашучасць, жаданне і гатоўнасць надалей працаваць і змагацца", — сказаў адвакат.

Член прэзідыума КР, кандыдат юрыдычных навук, адвакат Максім Знак быў затрыманы 9 верасня. 18 верасня яму выставілі абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У той жа дзень Знак, пратэстуючы супраць абвінавачання, абвясціў галадоўку.

У межах гэтай крымінальнай справы абвінавачанне таксама выстаўленае члену прэзідыума КР Марыі Калеснікавай і аднаму з адвакатаў Калеснікавай Ілью Салею. Яны ўтрымліваюцца пад вартай.

Пераслед членаў і валанцёраў КР працягваецца. Як паведаміла прэс-служба рады, днём 28 верасня ў Мінску была затрыманая валанцёр штаба Віктара Бабарыкі і Каардынацыйнай рады Іна Кавалёнак. "У 13.45 яна выйшла па каву са свайго дома і перастала выходзіць на сувязь. Праз 45 мін яе сястра, з якой яна пражывае, выйшла ў пошуках Іны. Але заўважыла дзіўныя аўто, яе пачалі пераследаваць, і ёй удалося схавацца. Сястра Іны на гэты момант у бяспецы, мы ў кантакце і з ёй і з яе адвакатам", — адзначылі ў прэс-службе КР.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239