Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/30/ru_1062041_1062042/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 03:49
30.09.2020 14:15 Эканоміка, Фінансы

З пачатку года дзярждоўг вырас амаль на траціну

Мінск, 30 верасня. Дзяржаўная запазычанасць Беларусі павялічылася ў параўнанні з пачаткам 2020 года на 13 млрд рублёў, або на 29,1%, і на 1 верасня склала 57,8 млрд рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Знешні дзярждоўг склаў 17,7 млрд долараў ЗША, ён павялічыўся з пачатку года на 0,6 млрд долараў, або на 3,6%.

У студзені—жніўні 2020 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму, эквівалентную 1 млрд 921,2 млн долараў ЗША: 1.391,5 млн долараў — аблігацыі, якія размяшчаюцца на знешніх фінансавых рынках; 429,2 млн долараў — урада і банкаў Расійскай Федэрацыі; 56,2 млн долараў — Экспартна-імпартнага банка Кітая; 38,1 млн долараў — МБРР; 6,2 млн долараў — ЕБРР і Паўночнага інвестыцыйнага банка.

На выплату замежнай дзяржаўнай запазычанасці ў студзені—жніўні накіравана 1 млрд 165,6 млн долараў ЗША: 533,3 млн долараў — урад і банкі Расійскай Федэрацыі; 387,1 млн долараў — банкі Кітая; 176,6 млн долараў — ЕФСР; 66,6 млн долараў — МБРР; 1,3 млн долараў — ЕБРР і СІБ; 0,7 млн долараў — Таварна-крэдытная карпарацыя ЗША.

Паводле дадзеных Мінфіна, унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 верасня склаў 10,6 млрд рублёў, ён павялічыўся з пачатку года на 1,8 млрд рублёў, або на 20,6%.

У студзені—жніўні 2020 года размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 294,1 млн долараў ЗША і 200 млн рублёў. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 466,4 млн долараў і 161,2 млн рублёў.

Нагадаем, расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 14 верасня ў Сочы паведаміў, што "Расія выдзеліць Беларусі ў гэты складаны момант дзяржаўны крэдыт — 1,5 млрд долараў".

Абяцаны крэдыт будзе выдзяляцца часткамі. "Мы ў гэтым годзе хочам даць 1 млрд долараў, з якіх 500 млн за кошт ЕФСР, 500 млн — за кошт міждзяржкрэдыту. У наступным годзе — 500 млн за кошт міждзяржкрэдыту", — сказаў міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў.

Згодна з параметрамі бюджэту, у 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне дзяржаўнай запазычанасці 2,9 млрд рублёў, на выплату асноўнай запазычанасці — 6 млрд. Больш за 85% выдаткаў звязаныя з выплатамі на карысць Расіі, Кітая і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.

У сувязі з пандэміяй беларускія ўлады вырашылі павялічыць ліміт унутранага дзярждоўгу на 1,25 млрд рублёў у 2020 годзе. Акрамя таго, урад ініцыяваў перамоўны працэс са знешнімі крэдыторамі аб прыцягненні 3 млрд долараў.

У чэрвені ўлады Беларусі размясцілі два выпускі еўрабондаў на 1,25 млрд долараў. Сродкі будуць накіраваныя на рэфінансаванне плацяжоў па дзярждоўгу ў гэтым годзе.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.  

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239