Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/04/eu_1062485_587445/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 04:46
04.10.2020 14:41 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Барэль: Рашэнне Мінска выслаць дыпламатаў Літвы і Польшчы супярэчыць логіцы дыялогу

Мінск, 4 кастрычніка. "Патрабаванне беларускіх уладаў да Польшчы і Літвы адклікаць сваіх паслоў і значна скараціць дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Мінску беспадстаўнае і вартае шкадавання", — гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля.

На яго думку, "гэта супярэчыць логіцы дыялогу і прывядзе да далейшай ізаляцыі ўладаў у Мінску".

"Спробы беларускіх уладаў атакаваць пэўныя дзяржавы — члены ЕС не прывядуць да аслаблення адзінства Еўрасаюза, — гаворыцца ў заяве Барэля, апублікаванай на сайце ЕС. — Гэта было выразна пацверджанае Еўрапейскім саветам 1 кастрычніка, калі ўсе дзяржавы — члены ЕС заклікалі беларускія ўлады спыніць гвалт і рэпрэсіі, вызваліць усіх затрыманых і палітвязняў, паважаць свабоду СМІ і грамадзянскую супольнасць і пачаць усебаковы нацыянальны дыялог".

"ЕС працягвае падтрымліваць дэмакратычнае права беларускага народа абіраць свайго прэзідэнта з дапамогай новых свабодных і справядлівых выбараў без вонкавага ўмяшання", — заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза.

Пасля рашэння ЕС увесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб Мінск адклікаў сваіх паслоў у Вільнюсе і Варшаве "для кансультацый" і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у пасольствах — адпаведна з 25 да 14 і з 50 да 18, каб "прывесці да парытэту" штат дыппрадстаўніцтваў з беларускімі замежнымі ўстановамі ў гэтых краінах.

Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць.

Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239