Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/07/ru_1062829_369852/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 18:56
07.10.2020 09:41 Эканоміка, Фінансы

Золатавалютныя рэзервы Беларусі апусціліся да межавага ўзроўню

Мінск, 7 кастрычніка. Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 кастрычніка склалі 7.321,4 млн долараў ЗША і знізіліся да мінімальнага значэння з красавіка 2019 года.

Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год прадугледжваюць, што міжнародныя рэзервовыя актывы на 1 студзеня 2021 года павінны скласці не менш за 7,3 млрд долараў ЗША.

"За верасень 2020 года золатавалютныя рэзервы знізіліся на 136,4 млн долараў ЗША (на 1,8%) пасля зніжэння ў жніўні на 1.399,6 млн долараў ЗША (на 15,8%)", — паведамляе Нацыянальны банк.

Згодна са звесткамі рэгулятара, зніжэнне ўзроўню рэзерваў паводле вынікаў верасня "ў асноўным абумоўленае планавым пагашэннем урадам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму 299,7 млн долараў ЗША, а таксама змяншэннем кошту манетарнага золата".

Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у верасні, паведамляе Нацбанк, спрыялі купля банкам замежнай валюты на ўнутраным рынку, а таксама паступленне замежнай валюты ў бюджэт.

Замежныя аналітыкі мяркуюць, што да канца года золатавалютныя рэзервы Беларусі могуць апусціцца ніжэй за мэтавы паказчык (7,3 млрд долараў), які ў асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі вызначыў Нацбанк Беларусі.

"Паводле нашых разлікаў, да канца гэтага года аб'ём золатавалютных рэзерваў краіны можа апусціцца ніжэй за 7 млрд долараў ЗША, у тым ліку з-за неабходнасці пагашэння і абслугоўвання дзяржаўнага доўгу", — гаворыцца ў вераснёўскім аглядзе, які падрыхтавалі аналітыкі Еўразійскага банка развіцця.

На 1 студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі 9 млрд 393,5 млн долараў. Такім чынам, з пачатку года яны знізіліся больш як на 2 млрд долараў.

Сёлета рэзервы двойчы істотна зніжаліся: у сакавіку — на 1.018,4 млн долараў, у жніўні — на 1.399,8. Зніжэнне рэзерваў было абумоўленае ростам дэвальвацыйных чаканняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні — палітычным крызісам. Істотнае павелічэнне рэзерваў назіралася толькі ў чэрвені — дзякуючы продажу еўрабондаў рэзервы Беларусі за першы летні месяц павялічыліся на 916,3 млн долараў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239