Праваабаронцы паведамляюць мінімум пра 25 затрыманых у Беларусі 10 кастрычніка
Мінск, 11 кастрычніка. Мінімум 25 чалавек затрыманыя ў Беларусі 10 кастрычніка, паведамляе spring96.org.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, "кропкавыя затрыманні" прайшлі па ўсёй краіне.
Так, затрыманая супрацоўніца офіса ААН у Беларусі Анора Лангар. Пра гэта, як пішуць праваабаронцы, паведаміў Ілья Міронаў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку". Паводле яго інфармацыі, у 9 раніцы за ёй прыехалі на дачу за 30 км ад Мінска супрацоўнікі ў цывільным. Спачатку яны мелі намер павезці яе з сабой у аддзяленне міліцыі для размовы, аднак ніякай позвы на руках не было. Адпаведна, ехаць па запрашэнні на словах яна адмовілася. Праз тры гадзіны да Лангар прыехаў супрацоўнік офіса з яе месца працы, каб праясніць сітуацыю. У суправаджэнні супрацоўніка офіса, бацькі і міліцыянераў у цывільным яна была дастаўленая ў Першамайскі РУУС Мінска. Як стала вядома, праз гадзіну ў кватэры па месцы жыхарства быў праведзены вобшук, у выніку якога нічога не было канфіскавана.
Анору Лангар перавезлі ў ІЧУ. Сваякі паспрабавалі перадаць ёй асабістыя рэчы першай неабходнасці, але ім у перадачы адмовілі. Падставы затрымання невядомыя. Лангар некалькі тыдняў таму выступіла сведкам на судзе ў экалагічнай актывісткі, члена Савета грамадскага аб'яднання "Экадом" Ірыны Сухій, якая была пакараная адміністрацыйным арыштам.
У Мінску затрыманая адміністратар чата Трактаразаводскага пасёлка Іна Васільева, якую даставілі ў Следчы камітэт. Паводле слоў сяброў Васільевай, з яе кватэры канфіскавалі тэхніку і мабільныя тэлефоны. Паводле папярэдняй інфармацыі, Васільева праходзіць па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (артыкул 293 КК).
Раніцай 10 кастрычніка перастала выходзіць на сувязь з сябрамі Ульяна Шышкова. "Перад гэтым яна паспела напісаць у чат, што ў яе стаяць пад дзвярыма невядомыя, і папярэдзіла, што яе напэўна забяруць", — паведамляюць праваабаронцы.
А ўначы, каля Акрэсціна затрымалі беларускую мастачку Ульяну Слесарову.
На вуліцы Усходняй у Мінску затрыманы невядомымі Аляксандр Шэвадзуцкі, ён выходзіў са свайго дома.
У Мінску затрыманы Аляксандр Паляшчук, якога раней судзілі за пашыў бел-чырвона-белых сцягоў. Раніцай 10 кастрычніка да яго ў кватэру прыйшлі людзі з пастановай на вобшук. "Каб ён адчыніў дзверы, яны выклікалі МНС і выключылі святло ў кватэры", — паведамляюць праваабаронцы".
Таксама ў Мінску затрыманы музыкант, які спяваў на праспекце Незалежнасці песні "Тры чарапахі" і "Муры" падчас гуляння жанчын з кветкамі. Пад'ехаў бус, выйшлі людзі ў балаклавах і забралі яго.
У Мінску таксама затрымалі актывістку жаночага руху Святлану Гатальскую. Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яе дадому з дастаўшчыкам ежы. Вядома, што яна затрыманая ў рамках адміністрацыйнага артыкула. Яна была адной з каардынатараў ініцыятывы "Маршыруй, дзетка". Яе даставілі ў Маскоўскае РУУС, паведаміў Каардынацыйны савет, членам якога з'яўляецца Гатальская.
Праваабаронцы таксама паведамілі пра затрыманне ў Мінску на вуліцы Няміга 10 кастрычніка Андрэя Малочкі, якога адправілі ў ізалятар на Акрэсціна да суда.
Увечары каля 18 гадзін таксама быў затрыманы Ігар Баяра. Ён паспеў патэлефанаваць жонцы і паведаміць, што яго затрымалі па адміністрацыйным артыкуле "ўдзел у несанкцыянаваных акцыях". Яго таксама змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна да суда.
Праваабаронцам паведамілі, што падчас раённага маршу ў Зялёным Лузе, каля 15 гадзін, быў затрыманы Арман Аўжанаў.Таксама ў Мінску ўвечары 10 кастрычніка быў затрыманы заснавальнік праектаў Petitions.by Уладзімір Кавалкін.
Затрыманні прайшлі ў рэгіёнах краіны. Так, у Магілёве адбыліся масавыя затрыманні ў Ямніцкі пасёлку. Затрымалі члена палітсавета Аб'яднанай грамадзянскай партыі Таццяну Сівачэнку і яшчэ 12 чалавек.
У Бабруйску затрыманы ў рамках адміністрацыйнай справы па артыкуле 23.34 КоАП Аляксандр Гаўрылаў.
У Гомелі затрыманы блогер Іван Рамязоўскі, які вёў стрым з праўладнага мітынгу каля палаца лёгкай атлетыкі.
У Докшыцах (Віцебская вобласць) затрыманы афіцэр міліцыі ў адстаўцы Юрый Мацяюн. На яго прыватным доме з 9 жніўня вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Міліцыянеры сфатаграфавалі сцяг і забралі яго ў міліцыю, паведамляюць праваабаронцы.