У Мінску перакрытыя цэнтральныя плошчы, у раёне Дома ўрада — шмат ваеннай спецтэхнікі
Мінск, 11 кастрычніка. У Мінску перакрытыя цэнтральныя плошчы, у раёне Дома ўрада — шмат ваеннай і міліцэйскай спецтэхнікі.
Як паведамляюць карэспандэнты БелаПАН, плошча Перамогі агароджаная турнікетамі. На Кастрычніцкай плошчы — таксама турнікеты і ачапленне з ваенных. Будынкі МУС і КДБ патрулююць супрацоўнікі міліцыі. У арках будынкаў па праспекце Незалежнасці — шмат сілавікоў.
Карыстальнікі сацсетак паведамляюць, што ў раёне плошчы Незалежнасці бачылі ваенныя машыны сістэмы "Рубеж", за Домам урада — аўтазакі і вадамёты. Перакрытая таксама частка праспекта Пераможцаў — ад вуліцы Ігнаценкі ў бок Палаца Незалежнасці.
Сёння ў Мінску і іншых гарадах Беларусі плануецца традыцыйная нядзельная акцыя прыхільнікаў перамен — Марш гонару. Гэта будзе ўжо дзявяты нядзельны марш пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіццё і катаванне мірных дэманстрантаў.