Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/11/ru_1063403_123/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 03:51
11.10.2020 19:50 Палітыка, Грамадства

Марш гонару ў Мінску завяршыўся, па ўсёй краіне затрыманыя каля 300 чалавек

Мінск, 11 кастрычніка. Не менш як 300 чалавек затрыманыя сёння ў Мінску і іншых гарадах краіны (Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Бабруйску, Маладзечне, Жлобіне, Кобрыне) падчас Маршу гонару — так была названая дзявятая нядзельная акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку сілавікоў.

Удзельнікі планавалі сабрацца ў 14.00 каля стэлы на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава, а затым пайсці да СІЗА КДБ на праспекце Незалежнасці і СІЗА № 1 на вул. Валадарскага, каб падтрымаць палітвязняў. Напярэдадні з часткай з іх, у тым ліку з прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Віктарам Бабарыкам, сустрэўся Аляксандр Лукашэнка.

Сілавікі традыцыйна спрабавалі перашкодзіць збору дэманстрантаў. Ужываліся гумовыя дубінкі, вадамёты і святлошумавыя гранаты. З-за актыўных дзеянняў ахоўнікаў парадку, перш за ўсё ў раёне стэлы, у цэнтры горада ўтварылася некалькі калон пратэстоўцаў: на вуліцах Кальварыйская, Няміга, а таксама Крапоткіна. Адбываліся лакальныя сутычкі з сілавікамі. Сярод удзельнікаў акцыі ёсць пацярпелыя. Пасля заканчэння масавых шэсцяў у шэрагу раёнаў паўсталі ланцужкі салідарнасці.

Традыцыйна ў раёне правядзення маршу зачыняліся станцыі метро (да 18.00), ва ўсім горадзе блакаваўся мабільны інтэрнэт (да 18.50).

Асаблівасцю гэтай нядзелі стала масавае затрыманне журналістаў (каля 40 па ўсёй краіне). На 19.20 у Кастрычніцкім РУУС Мінска знаходзілася 14 прадстаўнікоў СМІ, у тым ліку карэспандэнты БелаПАН Таццяна Каравянкова, Алена Талкачова і Сяргей Сацюк. Затрыманыя і пасля вызваленыя рэгіянальныя карэспандэнты БелаПАН Марына Харэвіч, Сяргей Людкевіч (Гродна), Алена Германовіч (Гомель), Алесь Асіпцоў (Магілёў), Таццяна Мацвеева і Сяргей Серабро (Віцебск).

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239