Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/11/ru_1063416_123/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 03:20
11.10.2020 22:11 Грамадства, Палітыка

У Маршы гонару ўзялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек

Мінск, 11 кастрычніка. Дзясяткі тысяч чалавек сёння ўзялі ўдзел у Маршы гонару ў Мінску, абласных і раённых цэнтрах.

Больш дакладную колькасць удзельнікаў назваць немагчыма, бо ў Мінску было некалькі калон дэманстрантаў у розных раёнах. Сілавікі з дапамогай гумовых дубінак, вадамётаў і святлошумавых гранат спрабавалі не дапусціць зліцця пратэстоўцаў у адну калону і разганяць ужо сфармаваныя.

У сталіцы ўдзельнікі планавалі сабрацца ў 14.00 каля стэлы на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава, а затым пайсці да СІЗА КДБ на праспекце Незалежнасці і СІЗА № 1 на вул. Валадарскага, каб падтрымаць палітвязняў. Напярэдадні з часткай з іх, у тым ліку з прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Віктарам Бабарыкам, сустрэўся Аляксандр Лукашэнка.

Сярод удзельнікаў акцыі ёсць пацярпелыя, некаторых вывозілі хуткія з раённых УУС.

Пасля заканчэння масавых шэсцяў у цэнтры ўзнікалі ланцужкі салідарнасці. Увечары вулічная актыўнасць перамясцілася ў спальныя раёны. На некаторы час пратэстоўцы перакрылі Лагойскі тракт, а таксама вуліцу Прытыцкага ў мікрараёне Каменная Горка.

Традыцыйна ў раёне правядзення маршу зачыняліся станцыі метро (да 18.00), ва ўсім горадзе блакаваўся мабільны інтэрнэт (да 18.50).

Асаблівасцю цяперашняй нядзелі стала масавае затрыманне журналістаў (каля 40 па ўсёй краіне). На 22.00 у Кастрычніцкім РУУС Мінска знаходзілася 14 прадстаўнікоў СМІ, у тым ліку карэспандэнты БелаПАН Таццяна Каравянкова, Алена Талкачова і Сяргей Сацюк. Некалькі разоў ім абяцалі, што хутка адпусцяць.

Затрыманыя і пасля вызваленыя рэгіянальныя карэспандэнты БелаПАН Марына Харэвіч, Сяргей Людкевіч (Гродна), Алена Германовіч (Гомель), Алесь Асіпцоў (Магілёў), Таццяна Мацвеева і Сяргей Серабро (Віцебск).

Паводле звестак праваабаронцаў, у цэлым па краіне затрымана не менш як 416 чалавек.

Марш гонару — дзявятая нядзельная акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку сілавікоў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239