Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/12/ru_1063456/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 02:19
12.10.2020 09:05 Палітыка, Грамадства

У Віцебску нядзельны марш таксама суправаджаўся затрыманнямі

Віцебск, 12 кастрычніка. У Віцебску чарговы нядзельны марш пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў суправаджаўся разгонам удзельнікаў і шматлікімі затрыманнямі, у тым ліку пяці незалежных журналістаў.

Трох з іх адпусцілі, чацвёрты знаходзіцца ў СІЗА, лёс пятага пакуль невядомы.

Спачатку ў тэлеграм-каналах паведамлялася, што пратэстоўцы збяруцца ля гандлёвага цэнтра "Марка-сіці", потым з'явіўся новы пункт збору — блізу Лядовага палаца. У выніку людзі спрабавалі сабрацца ў двух месцах.

Пратэстоўцы асцерагаліся стаяць каля Лядовага палаца і рассеяліся па найбліжэйшых прыпынках, дварах, нехта знаходзіўся ля суседняга ГЦ "Мега". У тых, хто быў каля Лядовага палаца, міліцыя правярала дакументы. Калі блізу прыпынку сабралася больш за 20 чалавек, пачаліся затрыманні. Міліцыя пасадзіла ў мікрааўтобус не менш за пяць чалавек. Сярод затрыманых былі карэспандэнт "Белсата" Зміцер Казакевіч і відэааператар канала Вячаслаў Лазараў.

Як паведаміла жонка Казакевіча Ірына, яе мужа павезлі ў СІЗА (ІЧУ ў Віцебску зачынены на рамонт). Журналіста абвінавачваюць на падставе артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства). Магчыма, у СІЗА знаходзіцца і Лазараў.

Ад Лядовага палаца людзі невялікімі групамі перайшлі на праспект Перамогі. Там яны сфармавалі калону прыкладна з 40 чалавек і дасталі бел-чырвона-белую сімволіку. З праспекта Перамогі дэманстранты звярнулі на Маскоўскі праспект. Там АМАП затрымаў карэспандэнта БелаПАН і tut.by Таццяну Мацвееву і фотакарэспандэнта tut.by і газеты "Народная Воля" Алеся Пілецкага. Журналісты правялі ў Першамайскім РАУС тры гадзіны, пасля чаго іх адпусцілі. У дачыненні да Мацвеевай склалі пратаколы апытання і асабістага вобшуку.

На скрыжаванні Маскоўскага праспекта і вуліцы Чкалава стаяў міліцэйскі кардон. Дэманстранты — іх да гэтага моманту было прыкладна 100, — каб пазбегнуць сутыкнення, звярнулі і перайшлі на другі бок вуліцы, зноў выйшлі на праспект Будаўнікоў, дайшлі да Новааршанскай шашы.

Тут да іх пад'ехалі два міліцэйскія мікрааўтобусы. Супрацоўнікі АМАП затрымалі фотакарэспандэнта БелаПАН і рэдактара "Народных навін Віцебска" Сяргея Серабро. Яго адпусцілі з Першамайскага РАУС прыкладна праз тры гадзіны, пасля складання пратакола апытання і асабістага вобшуку.

З Новааршанскай шашы пратэстоўцы зноў вярнуліся на праспект Будаўнікоў. Каля Лядовага палаца адбыліся новыя затрыманні. Большасці дэманстрантаў удалося разбегчыся.

Затрыманыя журналісты да таго, як у іх праверылі дакументы, знаходзіліся ў зале афіцэрскага сходу Першамайскага РАУС. Там жа сядзелі яшчэ сем чалавек, мяркуючы па ўсім, затрыманых на акцыі пратэсту, у тым ліку два пенсіянеры. Пажылыя людзі абураліся: "За што нас затрымалі? У нас ёсць з сабой дакументы, мы нічога не парушалі. Чаму мы павінны знаходзіцца ў міліцыі?"

Міліцыянеры папрасілі пенсіянераў сесці спакойна і чакаць, пакуль правядуць іх апытанне. Адзін пажылы мужчына прачытаў дэвіз МУС "Служым закону, народу, Айчыне!", які ў выглядзе вялікага плаката размешчаны ў зале афіцэрскага сходу, і сказаў іншаму: "Бачыш, як яны служаць "закону, народу, Айчыне"? Старыя з вуліцы аказваюцца ў міліцыі".

Таццяна Мацвеева, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239