Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/14/ru_1063735_1063736/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 18:22
14.10.2020 11:05 Эканоміка, Палітыка, Фінансы

За студзень—верасень тэрміновыя ўклады насельніцтва скараціліся на 1,6 млрд долараў

Мінск, 14 кастрычніка. За дзевяць месяцаў 2020 года тэрміновыя ўклады насельніцтва ў замежнай і нацыянальнай валюце скараціліся на 1,6 млрд долараў у валютным эквіваленце — гэта вынікае са звестак Нацыянальнага банка Беларусі.

Так, па стане на 1 кастрычніка тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва склалі 4.843,5 млн долараў і скараціліся за верасень на 303,1 млн долараў, або на 5,9% (у жніўні — на 7,5%). З пачатку 2020 года тэрміновыя валютныя дэпазіты фізічных асоб зменшыліся на 1.372,8 млн долараў, або на 22,1%.

У верасні таксама назіралася зніжэнне рублёвых укладаў насельніцтва. На 1 кастрычніка тэрміновыя рублёвыя дэпазіты ў беларускіх банках склалі 4.576,3 млн рублёў і знізіліся за верасень на 77 млн рублёў (29,5 млн долараў у эквіваленце па сярэднім курсе ў верасні), або на 1,7% (у жніўні — на 5,5%). З пачатку года тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва зменшыліся на 551 млн рублёў (на 10,8%), або на 230,5 млн долараў (па сярэднім курсе за студзень—верасень).

Такім чынам, у студзені—верасні адток тэрміновых дэпазітаў фізічных асоб у нацыянальнай і замежнай валюце склаў 1.603,3 млн долараў.

У верасні міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Moody's і Standard & Poor's паведамілі, што на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі, які ўзнік пасля прэзідэнцкіх выбараў, актывізаваўся адток сродкаў кліентаў з банкаў. Паводле ацэнкі рэйтынгавых агенцтваў, палітычны крызіс негатыўна адбіваецца на працы беларускіх банкаў, многія з якіх у апошнія тыдні вымушаныя былі прыпыніць крэдытаванне насельніцтва.

"На наш погляд, ужо цяпер можна з упэўненасцю сцвярджаць, што сітуацыя ў банкаўскім сектары Беларусі змянілася да горшага ў частцы ліквіднасці, а таксама з вялікай верагоднасцю зменіцца да горшага ў найбліжэйшыя месяцы ў частцы якасці актываў (з улікам чаканага падзення ВУП, а таксама зніжэння курсу нацыянальнай валюты, што абцяжарыць абслугоўванне валютных крэдытаў)", — адзначыла ў інтэрв'ю БелаПАН малодшы віцэ-прэзідэнт — аналітык Moody's Investor Service Святлана Паўлава.

Яна дадала, што "ўзровень нявызначанасці як у палітычнай, так і ў эканамічнай сітуацыі цяпер дастаткова высокі" і далейшы адток кліенцкіх сродкаў з беларускіх банкаў можа прывесці да паніжэння іх рэйтынгаў.

Аналагічны пункт гледжання выказалі і аналітыкі рэйтынгавага агенцтва S&P Global Ratings (Standard & Poor's), якія ў верасні паставілі на перагляд крэдытныя рэйтынгі "Беларусбанка", "Белаграпрамбанка" і "Банка БелВЭБ". "Мы можам панізіць рэйтынгі трох банкаў, калі адток дэпазітаў паскорыцца і калі іх падушка ліквіднасці і падтрымка Нацбанка не будуць дастатковымі для поўнага і своечасовага выканання сваіх абавязацельстваў", — паведамілі ў Standard & Poor's.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239