Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/10/14/ru_1063797_896574/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 18:59
14.10.2020 16:20 Спорт, Палітыка, Грамадства

Аляксандра Герасіменя пераехала ў Вільнюс і ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці

Мінск, 14 кастрычніка. Трохразовы прызёр Алімпійскіх гульняў плыўчыха Аляксандра Герасіменя ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Яна пераехала ў Вільнюс і ўжо правяла некалькі рабочых сустрэч з прадстаўнікамі спартыўных асацыяцый і мясцовымі чыноўнікамі, паведамляецца на старонцы фонду ў "Фэйсбуку".

"Нашай галоўнай задачай стане фінансавая, псіхалагічная, арганізацыйная і любая іншая дапамога беларускім спартсменам, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму. Мая роля ў фондзе будзе каардынаваць усе напрамкі працы: ад фандрайзінгу да дапамогі спартсменам. Мы таксама хочам узмацніць узаемадзеянне з міжнароднымі арганізацыямі і федэрацыямі па розных відах спорту для таго, каб сітуацыя з правамі спартсменаў у Беларусі не сыходзіла з еўрапейскага і сусветнага парадку дня", — заявіла Герасіменя.

"Толькі ў апошнія дні былі асуджаныя капітан зборнай Беларусі па рэгбі Марыя Шакура (10 сутак), кіраўнік клуба па дзюдо Канстанцін Палей (15 сутак), шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе Юрый Булат (15 сутак), шматразовая чэмпіёнка Беларусі па тайскім боксе Аляксандра Сітнікава (10 сутак). Вядомыя выпадкі звальнення спартсменаў і пазбаўлення іх магчымасці трэніравацца. У цяперашні час мы ўжо пачалі прапрацоўку пытання арганізацыйнай дапамогі для такіх выпадкаў з НАКакамі і федэрацыямі суседніх краін. Для нас важна, каб ні адна кар'ера ніводнага спартсмена не пацярпела", — сказала яна.

Аляксандра Герасіменя — двойчы сярэбраны (2012) і бронзавы (2016) прызёр Алімпійскіх гульняў. У 2018 годзе ў Герасімені і яе мужа, плыўца зборнай Беларусі Яўгена Цуркіна, нарадзілася дачка, а ў 2019 годзе Герасіменя абвясціла аб завяршэнні кар'еры.

У 2015 годзе Герасіменя адкрыла школу плавання, у якой пасля выбараў у 2020 годзе пачаліся праблемы з арэндай басейнаў, выкліканыя публічна выказанай палітычнай пазіцыяй спартсменкі.

Фонд спартыўнай салідарнасці заснаваны ў жніўні 2020 года. Да цяперашняга моманту рознага кшталту падтрымка аказаная больш як 20 спартсменам, устаноўленая камунікацыя з МАК, а таксама шэрагам нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, што выказалі гатоўнасць падтрымаць беларускіх спартсменаў, якія пацярпелі за выказванне свайго меркавання.

Раней больш як 800 беларускіх спартсменаў падпісалі адкрыты ліст з патрабаваннем правесці новыя сумленныя выбары і спыніць гвалт. З-за адмовы адклікаць подпіс былі звольненыя або зведалі іншыя віды націску чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская, бягуха Святлана Кудзеліч, шматборац Андрэй Краўчанка і іншыя знакамітыя спартсмены і трэнеры. Акрамя таго, экс-баскетбалістка зборнай Беларусі і найлепшая цэнтравая чэмпіянату свету-2010 Алена Леўчанка была арыштаваная на 15 сутак за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Спартсменку затрымалі ў мінскім аэрапорце 30 верасня перад вылетам на планавае лячэнне ў Германію.

Па фактах парушэння правоў спартсменаў Фонд спартыўнай салідарнасці ініцыяваў зварот у Міжнародны алімпійскі камітэт, пасля чаго з жорсткай ацэнкай падзей у Беларусі выступіў прэзідэнт арганізацыі Томас Бах. МАК мае намер правесці расследаванне ўсіх фактаў прыгнёту і пераследу беларускіх спартсменаў з боку чыноўнікаў і сілавікоў, а фонд мае намер дамагчыся максімальна аператыўных дзеянняў як з боку МАК, так і іншых міжнародных спартыўных асацыяцый і федэрацый.

БелаПАН.  

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239